...А ноч прыйшла...
...А ноч прыйшла
З-за калючых дратоў,
Лягла на саломе,
На нарах астрожных...
Доўга сусед сярод шэрых муроў
Гаварыў асьцярожна...
Кашляе хтось за сьцяной...
Ведаем – сёньня да ўсходу
Зазвоняць крокі мільёнаў у такт,
І сярод плошчаў і вуліц
Агнём рэвалюцыі
Мы распачнём другі акт...
Мне пару крыл дало юнацтва...
Мне пару крыл дало юнацтва:
Адно — зары світальнай ззянне,
Парыў да сонца, да свабоды,
Другое — да цябе каханне.
Таму не знаў я зморы, стомы
У навальніцах, барацьбе,
А ты пытаешся, ці мог бы
Жыць без кахання, без цябе.
Спытайся птушкі, ці змагла б
Яна ўздымацца без крыла.
Пажаданне
Каб хутчэй пустое зелле,
колас ветрам наліваны,
вецце сплеценага хмелю,
і крапіву ля парканаў,
і сагнутую на вытак
нашых рэк нядолю-гора,
і дубцы сівой ракіты,
і з лапцей усе аборы,
хмар звісаючыя грывы,
песні, вырасшыя з плачу,
у жніво на нашых нівах
перагнуць на серп гарачы!
Шчасце
Простае шчасце людское,
Так як і наша з табою,
Пэўна, складаецца з солі,
3 хлеба, сабранага ў полі,
3 поту, дарожнага пылу,
3 роднага небасхілу,
3 дружбы, мацнейшай ад смерці,
3 песні... I так мне здаецца:
Каб з чаго іншага скласці,
Дык ці было б яно шчасцем.
Кірункі свету
Меў я калісьці
Безліч кірункаў свету,
Як маюць іх
Вецер вясновы,
Аблокі і птушкі.
Потым сам я не знаю,
Калі іх і дзе разгубіў.
Засталіся чатыры:
Поўнач і поўдзень,
Захад і ўсход.
А сёння,
Калі цябе ўбачыў,
Не стала і іх.
Застаўся толькі
Кірунак адзін —
Да цябе.
Ты яшчэ толькі намёк на чалавека...
Ты яшчэ толькі намёк на чалавека,
Калі ва ўсім спадзяешся на маці;
Ты яшчэ – чвэрць чалавека,
Калі ва ўсім спадзяешся на дружбу;
Ты толькі – паўчалавека,
Калі ва ўсім спадзяешся на любоў, -
І толькі тады становішся чалавекам,
Калі ўсе могуць спадзявацца
На цябе.
Радзіма
Перад тым як вымавіць тваё імя, Радзіма,
Я, быццам джангарчы, калі збіраецца спяваць,
Свой рот крынічнаю вадою палашчу,
Як сейбіт, выйшаўшы з сяўнёю поўнай,
Я кланяюся полю, хмарам, сонцу,
Як воін перад невядомым лёсам,
Я апранаю чыстую кашулю.
Ня плач, наш дзень настане...
Ня плач, наш дзень настане,
Хоць адступілі ўчора.
Зацісьні моцна рану!
Хай не сьмяецца вораг!
Выходзьце на дарогу,
Ў паход шчыльней радамі!
Ты ведай, перамога
Ужо не за гарамі.
І вер, што блізка мэта,
Удары грому спынім.
Ня згінулі дагэтуль —
І ў бітве мы ня згінем!
У беларускую восень
У беларускую восень
Нат і верабей багацее,
Лес на грыбы не скупіцца,
Пуні хмялеюць ад сена,
Мёдам вуллі набракаюць,
Сцежкі гараць ад лістоты,
Скрыпкі звіняць на вяселлях,
I маладзіцы дабрэюць —
У беларускую восень.
Закалыхваючы...
Закалыхваючы,
Пэўна, стомленая,
Памылілася маці:
Не на верацяно,
А на сэрца маё
Сваю песню
Навіла.
Я і сёння асцярожна,
З хваляваннем
Разматваю
Клубок песень,
Каб хаця не парваць
Яе нітку.