Аб творчасцi Максіма Танка

Творчасць народнага паэта Беларусі Максіма Танка (1912 — 1995) — яркая мастацкая з’ява ў свеце сучаснай славянскай літаратуры. Ахопліваючы звыш шасці дзесяцігоддзяў, яна сінтэзавала ў сабе асноўныя падзеі і зрухі ў грамадскім і духоўным жыцці Беларусі і яе народа. У ёй — гістарычная і прасторавая разгорнутасць свету. Прасякнутыя глыбокімі гуманістычнымі думкамі аб сутнасці, прызначэнні і лёсе чалавека, нашай цяпершчыне, мінулым і будучым цывілізацыі, прыгажосці жыцця як найвышэйшым сэнсе, дабры і зле, творы М.Танка зліваюцца ў адзіную філасофска-паэтычную канцэпцыю быцця. Гарманічна і шматслойна перапляліся ў іх сацыяльна-псіхалагічная актыўнасць мастацкіх пошукаў аўтара, высокая адказнасць сумлення лірычнага героя, вернасць ідэалам праўды і справядлівасці, дружбы і кахання.

У вершах М.Танка арганічна спалучаны сюжэтнасць, філасофская ідэя і вострая публіцыстычнасць, жорсткія натуралістычныя рэаліі і рамантычная ўзвышанасць, вобразныя фантасмагорыі, экспрэсія, унутраная кантрастнасць лірычнага перажывання і вобраза і гнуткасць рытму, меладычнасць інтанацыі і метафарычная шматмернасць, раскаванасць мастацкага мыслення. Яны выяўляюць найтанчэйшыя адценні думак і перажыванняў паэта, часам ледзь прыкметных душэўных зрухаў, падспудных асацыяцый.

Ідэйна-эстэтычнай напоўненасці «шматколернага слова» М.Танка, яго глыбіннаму псіхалагізму і мастацкай дасканаласці належыць істотна важная роля ў «дынамізацыі» творчых пошукаў многіх сучасных маладых паэтаў. Яны адчуваюць уплыў асобы выдатнага мастака, абаяльнага і ўдумлівага выхавацеля, створаных ім маральна-этычных і эстэтычных каштоўнасцей. Гэтым абумоўліваецца актуальнасць, навуковая і эстэтычная значнасць праблемы «Максім Танк і сучасная беларуская лірыка», неабходнасць яе вывучэння ў спецыяльным курсе.

Выяўленне сутнаснай спецыфікі праламлення творчага аопыту М.Танка ў сучаснай беларускай лірыцы садзейнічае не толькі больш глыбокаму вывучэнню непасрэдна творчасці М.Танка, раскрыццю таго месца, якое яна займае ў свеце сучаснай літаратуры, але і асэнсаванню ўнутраных асаблівасцей нацыянальнага літаратурнага працэсу ў яго гістарычнай абумоўленасці і эстэтычнай адметнасці, важнейшых тэндэнцый і заканамернасцей развіцця сучаснай беларускай паэзіі, яе ідэйна-мастацкіх пошукаў, выяўленню непаўторнасці і своеасаблівасці творчых індывідуальнасцей найбольш адораных яе прадстаўнікоў. Вучэбная праграма прадугледжвае таксама засваенне студэнтамі пашыранага гісторыка-літаратурнага і тэарэтычнага матэрыялу па праблеме «Максім Танк і сучасная беларуская лірыка», выпрацоўку ў іх навыкаў да самастойнай ідэйна-эстэтычнай ацэнкі-аналізу асобнага верша і паэтычнага зборніка.

Аўтар Мікуліч М.У.