Агульначалавечы змест паэзіі Максіма Танка

Жывеш не вечна, чалавек. Перажыві ж у момант век! Максім Багдановіч Максім Танк — сапраўднае прозвішча Скурко Яўгеній Іванавіч — паэт філасофскага складу мыслення. Гэта не азначае, што ён займаецца рыфмаваннем філасофскіх законаў пра адмаўленне адмаўлення, адзінства і барацьбу супрацьлегласцей. Проста ў яго паэзіі паглыбляецца разгляд з'яў, падзей, фактаў, жыццё чалавека і прыроды ацэньваецца ў агульным плане, у святле так званых вечных праблемаў жыцця і смерці, узаемаадносінаў чалавека з грамадствам і прыродай. Паэт імкнецца мысліць вершамі (формула А.С.Пушкіна). I мысліць імі ён вельмі арыгінальна. Так, напрыклад, у вершы «Лес часамі...» ён дае адзнакі падобнай паэзіі: будучы глыбакадумнай, засяроджанай на галоўным у чалавечым жыцці, яна разам з тым застаецца поўнай сардэчнага трапятання. Прасякнутая сардэчнымі парывамі, сардэчным цяплом, філасофская лірыка Танка рэдка (у асобных верлібрах) бывае халоднай, абстрактнай. Такой, якой хацеў яе зрабіць некалі рускі паэт Валерый Брусаў, калі хацеў надаць ёй вартасць навуковай. Я цытую радкі з вышэй названага верша беларускага паэта, што сведчаць пра нашу філасофскую лірыку, як лірыку, напоўненую Праметэевым агнём перажывання, трапятання, пачуцця: Лес часамі Загараецца ад перуна, Любоў — ад мімалётнага позірку, Сляза — ад болю... I толькі песня, Як алімпійская паходня, Загараецца ад сонца — Ад сонца ў сэрцы. Творы, накшталт працытаванага, можа, не кожнаму падабаюцца. Нехта палічыць іх надуманымі, рацыяналістычнымі, калі карыстацца замежным тэрмінам. Я ж такімі іх не лічу. Яны сапраўды доказныя, а таму і арыентуюць чытача на ўспрыманне глыбокіх ісцін, раскрываюць перад ім лабараторыю нараджэння высокіх ідэй у свядомасці паэта. Іх кампазіцыя відавочная: тэзіс — антытэзіс — вывад. Няма ў многіх Танкавых філасофска-значных вершах і рыфмаў, і шматлікіх тропаў, і рытм свабодны, заснаваны на паўтарэнні цэлых моўных частак, фраз. Ды затое такія творы не назавеш легкадумнымі. Яны вядуць нас па шырокім полі, якое завецца жыццём, прымушаюць прыпыніцца каля самых цікавых прыкметаў гэтага жыцця, задумацца над пытаннямі, якія ставіць яно перад прыродай і чалавекам. Калі не было б падобнай лірыкі, яна ўся звялася б да апісання нейкіх прадметаў, з'яў, паўтарэння адных і тых карцін, выгукаў — «Ах, як я кахаю! Ах, як я ўсё ненавіджу!». Філасофская лірыка (ці як яе яшчэ называюць — медытатыўная, ад замежнага слова, што азначае — «разважанне», «роздум») — прыкмета высокага ўзроўню развіцця таго ці іншага нацыянальнага і сусветнага мастацтва слова. Чым большы, вышэйшы інтэлектуальны патэнцыял чалавецтва, тым смялей яно аперыруе вечнымі ісцінамі. Асновы філасофскай лірыкі ў беларускай літаратуры заклаў Максім Багдановіч, які заклікаў людзей глыбей зазірнуць у неба, спазнаць таямніцы Космасу і сваёй душы, з болем адзначаў, што чалавек не вечны, а таму і павінен старацца «перажыць у момант век». Яго запаветы, яго набыткі падхапілі Куляшоў, малавядомы паэт Моркаўка і, канешне ж, Максім Танк. Танк, які ў канцы 50-х — 90-я гады стаў песняром агульначалавечых, а не толькі нацыянальных каштоўнасцей. Усё, да чаго б ні дакранаўся яго зрок, набывае ў творчасці паэта гэтай пары адзнакі глыбіні, шматзначнасці. Чытаю верш «Голас», яго пранікнёныя радкі, і пераконваюся ў бясспрэчнасці выказанай думкі, і адчуваю, што паэзія Максіма Танка — гэта напружаны пошук ісцін, што ляжаць глыбей, далей, чым чыста чалавечыя ўзаемаадносіны, за звычайнымі фактамі і з'явамі, па той бок адкрытай, даступнай усім ісціны: Голас незнаёмага можа здзівіць, Голас друга — на хвіліну спыніць, Голас любай — сагрэць сонцам лета, Голас маці — вярнуць з таго свету. Магутны Верш! Няма ў ім ніводнага тропа. Няма «сюсюкання»: люблю, шаную і г. д. Ёсць галоўнае — сцвярджэнне гуманістычнай ідэі, нязгаснасці і святасці, чарадзейнай сілы і ўсемагутнасці кахання маці. Да падобнай вечнай ісціны паэт прывёў нас праз прыём градацыі, паказу ўзрастання значнасці чалавечага голасу, розных галасоў. Голас незнаёмага, голас сябра могуць закрануць толькі асобныя струны душы — здзівіць, спыніць у дарозе. Голас каханай ужо можа больш — сагрэць «сонцам лета», калі цяжка, калі страціў веру ўсябе, у сэнс жыцця. А вось толькі голас маці можа ажывіць, вярнуць з таго свету. Не помню твора, дзе так выдатна, прытчападобна, на ўзроўні сапраўднага адкрыцця гаварылася б пра тое, што турбуе кожнага з нас, будзе хваляваць і нашых нашчадкаў. Прытчападобнасць, падтэкставасць, асацыятыўная вобразнасць становяцца адзнакамі філасофскай лірыкі Максіма Танка на сучасным этапе. З праграмных твораў на вечныя тэмы запомніўся «Шчаслівы дзень». Ён змешчаны ў зборніку «Дарога, закалыханая жытам». Назва зборніка — шматзначная, глыбокая: дарога ў жыце — сімвал руху наперад і хлеба, вечнасці жыцця і не меншай вечнасці набыткаў чалавечай працы. Верш уяўляе сабой спрэчку паміж паэтам і яго папярэднікамі. Папярэднікі сцвярджалі, што ўсё даўно адкрылі, вырашылі праблемы «праўды, няпраўды, дружбы, кахання, жыцця і смерці». Аднак паэт падумаў спачатку, што яму нічога не засталося вырашаць ды адкрываць, толькі ўсумніўся ў нейкай дробнай ісціне і зразумеў, што ўсё яму давядзецца « вырашаць нанава». У канцы верша даецца вывад: «I гэта быў мой самы шчаслівы дзень». Вывад, дзякуючы якому мы пачынаем таксама разумець, што ўсё ў жыцці трэба пачынаць з нуля, адкрываць самім. У 1978 г. быў напісаны Танкам і верш «Паказваюць дом паэта». У ім перад намі раскрываецца цэлы шэраг агульначалавечых праблем: сутнасць і прызначэнне мастацтва, жыццё і смерць, зямное і надземнае, рэальнае і фантастычнае, традыцыйнае і наватарскае. Тэма першая — центральная. А вырашаецца яна не на ўзроўні дылетанцкім — мастацтва, маўляў, павінна служыць народу, паспяваць за часам, быць звязаным з жыццём і г. д. Так раскрывалі праблему яшчэ Дунін-Марцінкевіч ды Багушэвіч. Максім Танк у вершы прыходзіць да высновы пра сувязь мастацтва з прыродай, яго спрадвечную натуральнасць і непадробнасць, пра немагчымасць яго паўтарэння такім, якое яно склалася. Паэт не можа паўтарыцца ў новых (ці падноўленых) рэчах, калі адарвана ад іх яго душа, калі яго няма. Застаецца толькі знешні след, прыблізная копія яго жыцця, дзейнасці, партрэта. Верш пра жывое і нежывое, часовае і вечнае, жыццё і смерць, немагчымасць паўтарэння таго, што было з жывой душой. Алегарычна паэт сказаў пра гэта запытаннем: у рэстаўрыраваны дом як змогуць залятаць вятры, птушкі, зоры, заходзіць дрэвы,кветкі, людзі? Гэты ж дом мае бетонны ганак, зашклёныя вокны. I яшчэ да яго прыстаўлены вартаўнік. Я люблю Максіма Танка за яго агульназначную, засяроджаную на галоўным паэзію. Гэтая паэзія ўзнімае на ўзровень абагульнення звычайныя факты жыцця чалавека і прыроды, прывучае нас цаніць хлеб на стале і працу бабкі Улляны, рук якой, нябожчыцы, не маглі дамыцца суседзі і хваляваліся, як такімі, падрэпанымі, мазольнымі імі, яна будзе стукацца ў дзверы раю. Гэта паэзія сцвярджае нас у думцы, што няма на Зямлі нічога і нікога больш разумнага і прыгожага, чым чалавек і яго справы. Калі я чытаю зборнік вершаў выдатнага мастака «Збор калосся», то пераконваюся, што ён — пясняр сонца, зямлі, працы, хлеба, жанчыны iмаці. Што можа быць больш значнае, чым ісціны, выражаныя словамі: Падзякаваць сонцу, Што зноўку вярнула Да любае працы — Да збору калосся. Аўтар невядомыKids Footwear Online