17 верасня народнаму паэту Беларусі Максіму Танку споўнілася б 95 гадоў.
Гэта адно з самых яркіх імёнаў у гісторыі беларускай літаратуры.
Паэт-бунтар, паэт-патрыёт, паэт-сатырык, паэт-філосаф, паэт-наватар… А «па жыцці» надзвычай сціплы чалавек, які не любіў гучных слоў і бляску пражэктараў.
Ёсць грунтоўныя літаратуразнаўчыя работы, прысвечаныя Максіму Танку (Яўгену Іванавічу Скурко), — але пра яго жыццё ўвогуле можна было б напісаць цікавы раман-эпапею: настолькі насычаны лёс…
Пра ўсё гэта мы гутарым з сынам паэта, кандыдатам хімічных навук Максімам Яўгенавічам Скурко.
— Даволі нечакана: сын Максіма Танка — хімік!
— Калі заканчваў школу, хімія была на піку папулярнасці… Хоць я страшна люблю паэзію. Які б не ўзяў часопіс — спачатку вершы чытаю, а потым ужо прозу.
У цяжкія моманты, калі на душы неспакойна, бяру зборнік, прачытваю некалькі бацькавых вершаў — і нібыта пагутарыў з ім. Сувязь з бацькам, з тым светам — праз вершы.
— Бацькавы вершы ведаеце на памяць?
— Мой самы любімы паэт — Сяргей Ясенін, вось яго амаль усяго ведаю на памяць. А бацькавы вершы — кавалкамі. Асабліва люблю «Аvе Mаrіа»:
Звон кафедральны кліча на Аvе.
З цесных завулкаў злева і справа
Гуртам манашкі ў чорным адзенні
Цягнуцца, быццам сумныя цені.
Тут і старыя, і маладыя, —
Аvе Mаrіа…
— Цікава, а каму аддаваў перавагу Максім Танк?
— Любіў, асабліва ў маладосці, Маякоўскага, ведаў усяго яго на памяць. З задавальненнем чытаў Гогаля — прычым яго творы чытаў услых, для ўсёй сям’і. Любіў яўрэйскага пісьменніка Бабеля, «Адэскія апавяданні» ведаў на памяць — і ўмеў так артыстычна-акцэнтавана іх прачытаць, што смяялася ўся хата.
Бацька вельмі шмат чытаў. І такая хуткасць чытання была… Пры гэтым паспяваў яшчэ і паметкі рабіць.
***
Яўген Скурко нарадзіўся на Мядзельшчыне, у вёсцы Пількаўшчына. Скончыў пачатковую польскую школу. Тройчы прыпынялася яго вучоба ў гімназіях — у Вілейцы, Радашковічах, Вільні. Бунтоўны юнак з-пад Нарачы не мог змірыцца са здзекам польскіх уладаў над жыхарамі Заходняй Беларусі, над беларушчынай.
…Польскі міністр асветы Скульскі заяўляў, што «праз дзесяць гадоў у Польшчы нават са свечкай не знойдзеце ніводнага беларуса».
Палітыка этнагенацыду, закрыццё беларускіх школ, забарона беларускай мовы на тэрыторыі Заходняй Беларусі тлумачылася польскімі ўладамі коратка і цынічна: «Няма ніякіх беларусаў і іх мовы!».
Малады паэт іранічна запярэчыў:
Калі няма на свеце маёй мовы,
Майго народа і мяне самога, —
Дык для каго будуеце, панове,
Канцлагеры, катоўні і астрогі?
***
— Вас назвалі Максім — таму што бацька так хацеў?
— Не ведаю… Дарэчы, я і дагэтуль не ведаю, чаму ён Максім Танк (смяецца).
— Мяркуючы па ранніх вершах, яму вельмі падабаўся Максім Багдановіч. Дык можа, ад Максіма Багдановіча?
— А можа, ад Максіма Горкага?.. Яшчэ ў дзяцінстве маці, знаёмячы мяне з іншымі, гаварыла: «Яго зваць Максім». І ўсе адразу: «А-а, Максім Горкі!». А я, малы, пярэчыў: «Не, я салодкі!».
***
У 1932 годзе Яўген Скурко разам з паэтам Янкам Гарохам выдаваў рукапісны часопіс «Пралом». Менавіта там упершыню вершы падпісаў псеўданімам: А. Граніт. Крыху пазней у газеце «На пераломе», што выйшла ў Львове, верш «Заштрайкавалі гіганты коміны» быў падпісаны псеўданімам Максім Танк.
У 1933 годзе ў Мінску выйшла «Хрэстаматыя рэвалюцыйнай літаратуры Заходняй Беларусі», дзе былі змешчаны і вершы Максіма Танка. Кніга стала найлепшым «рэчавым доказам»…
За ўдзел у нацыянальна-вызваленчым руху Максіма Танка некалькі разоў арыштоўвалі. У Лукішскай турме ў Вільні Танк наладзіў выпуск рукапіснага турэмнага часопіса «Краты» (выйшла 6 нумароў).
Ізноў я тут, сярод муроў,
Паміж астрожных сцен праклятых.
І рвуцца думкі-сны ізноў
На волю — за драты і краты.
* * *
— А дзе пазнаёміліся вашы бацькі, Максім Яўгенавіч?
— Родам яны з адной мясцовасці, землякі. У маёй бабулі па матчынай лініі была драўляная хата ў Вільні. А бацька прыйшоў у Вільню пешшу і шукаў, дзе можна было б спыніцца. Яны ўзялі яго на кватэру.
— Маці таксама скончыла гімназію?
— Так. І вучылася яна на адны «пяцёркі»… Дарэчы, яна была першым чытачом і рэдактарам Максіма Танка.
Як бацька пісаў?.. У яго ніколі не было кабінета. Я нарадзіўся ў 1941 годзе, а ў 1945-м нарадзілася двойня, Ірына і Вера. Трое дзяцей у сям’і. Як вольная часіна надарыцца — дык ён і піша. Доўга працаваў над кожным словам. А апошняя рэдакцыя-»інстанцыя» такая: ён, як правіла, ішоў на кухню, чытаў маме верш — а яна ўжо магла паправіць слова-другое.
Яны не маглі адно без аднаго — там такое каханне было…
— Мабыць, жартаўлівы верш «Як задрэмлюць» прысвечаны менавіта Любові Іванаўне500 :
Як задрэмлюць хлопцы ў полі,
На начлезе, — прыхадзі!
Згубяць коні ў вадапоі
Раскаваны маладзік.
<…>
Не кажы сваім дзяўчатам,
З кім сустрэцца ты ідзеш,
Нат калі у косах мяту
Ці бруснічнік прынясеш…
— Бацьку пашанцавала ў жыцці — ён сустрэў сваю адзіную. Яны нарадзіліся ў адзін год, у 1912-м, і памерлі ў адзін год, у 1995-м: маці ў сакавіку, тата ў жніўні…
Мне пару крыл дало юнацтва:
Адно — зары світальнай ззянне,
Парыў да сонца, да свабоды,
Другое — да цябе каханне.
Таму не знаў я зморы, стомы
У навальніцах, барацьбе,
А ты пытаешся, ці мог бы
Жыць без кахання, без цябе.
Спытайся птушкі, ці змагла б
Яна ўздымацца без крыла.
— Яны вянчаліся?
— Не.
— Бацька ваш праваслаўны?
— Па бабцы і па дзеду — праваслаўны. Я помню ў хаце гэты куток з абразамі.
— Але Максім Танк у царкву не хадзіў?
— Не-не-не! Ён атэіст стопрацэнтны. Хоць Біблію грунтоўна даследаваў. На палях рабіў паметкі: «Гэтага не можа быць!» і г.д. Гэта Біблія ў нас захавалася. Увесь час ён яе вывучаў, і ў яго ўзнікала тысяча сумненняў.
***
Першы паэтычны зборнік Максіма Танка «На этапах» выйшаў у 1936 годзе і стаў падзеяй у гісторыі заходнебеларускай паэзіі. Кніга адразу была канфіскавана па цэнзурных меркаваннях.
У вершы «У нас іначай» Танк іранічна пісаў:
У нас цудоўнае кіраўніцтва:
Паны, банкіры і слугі бога;
У нас магутны ўздым будаўніцтва
Касцёлаў, шыбеніц, астрогаў.
<…>
Таму і ставімся мы з пашанай
Да ўсіх няпрошаных дабрадзеяў,
Пятлю звіваем з лык канапляных,
Якую хутка на іх надзенем.
Пракурор узбудзіў судовую справу і супраць паэта, і супраць выдаўца І. Труцькі. У час працэсу выдавец памёр, адзіным адказчыкам паўстаў Максім Танк. Газеты з’едліва паведамлялі: у якасці ганарару паэт атрымаў шэсць месяцаў турэмнага зняволення.
…І ўсё ж не ўвесь тыраж кнігі пайшоў «пад нож». Некалькі сотняў экзэмпляраў схавалі рабочыя друкарні.
Як мы пішам?
Звычайна, паны!
Перапісваем старанна,
Што пісалі на нашых плячах бізуны,
Кулі вашых даносчыкаў карных.
«…У літаратуру ўвайшоў найбольшы паэт Заходняй Беларусі Максім Танк, у бліскучым таленце якога народ Заходняй Беларусі сказаў сваё вялікае творчае слова», — пісаў Валянцін Таўлай.
Я — ў кожным пажары,
Я — полымя брат,
Я — ў кожным удары
Жалезных лапат.
Я — ў скаргах, я — ў слёзах
І сірат і ўдоў,
Я — ў шуме бярозаў,
У гуле вятроў…
А «Песня кулікоў» (1936) — хрэстаматыйны, класічны твор — перачытала яшчэ раз: якая раскоша!..
Пахне дзёгцем, потам, рыжаю аўчынай,
Цішыня у хаце згорбленай, старой,
Ды гарыць памалу ноч даўгой лучынай,
Сцелючы сасновым дымам і смалой…
<…>
Пеніцца сярдзіта бульба, закіпае
Снежнаю завеяй ў чорным сагане…
…Якія розныя вершы!
***
Максім Яўгенавіч прызнаўся, што бацькаву паэзію дзеліць на два этапы: да і пасля 1939 года.
— На мой погляд, самая моцная, яркая, самая пранізлівая паэзія — першы этап.
У савецкі перыяд трэба было выжыць…
Перад вайной Максім Танк з жонкай Любоўю Іванаўнай жыў у Беластоку. Пачалася вайна — ім удалося сесці ў апошні цягнік, што рухаўся на ўсход, на Саратаўшчыну.
— Маці цяжарная ехала ў эвакуацыю. Не даехаўшы да Саратава 100 км, нарадзіла мяне 13 ліпеня 1941 года. Успамінала: «Ты нарадзіўся, спёка 30 градусаў, я паглядзела ў акно — вярблюд ходзіць». У Саратаве нас размясцілі ў хаце, дзе жылі бабка і дзед. Яны напачатку вельмі асцярожна да нас адносіліся. А потым аднойчы, у адзін момант: такое сяброўства! Аказваецца, яны ў тайне ад маці запрасілі папа, мяне пахрысцілі… Я падрос ужо — тая жанчына прыехала з Саратава спецыяльна, каб паглядзець на мяне.
Бацька заўсёды дапамагаў іх сям’і. На ўсе святы слалі пасылкі: Беларусь лепш жыла, чым Саратаў. Праз Саратаўскі аблвыканкам бацька дабіўся, каб ім нармальную кватэру выдзелілі: яны ўсё жылі ў старэнькай драўлянай хаце.
***
Максім Танк быў залічаны на курсы кадравых афіцэраў, але ў хуткім часе яго адклікалі ў Маскву — для працы ў газеце «За Савецкую Беларусь», у сатырычнай газеце-плакаце «Раздавім фашысцкую гадзіну».
У 1943 годзе, у цяжкія гады вайны, Максім Танк напісаў адзін з лепшых сваіх твораў — верш «Родная мова».
…Народ пранясе цябе, родная мова,
Святлом незгасальным у сэрцы сваім
Праз цемру і годы змаганняў суровых.
Калі ж ападзе і развеецца дым
І нівы васкросшыя закаласяцца, —
Ізноў прашуміш ты вясновым дажджом,
Ізноў зазвініш ты у кожнай у хаце,
Цымбалам дасі іх сярэбраны гром,
І вусны расквеціш усмешкай дзіцяці.
***
— У бацькі было цудоўнае пачуццё гумару. За ўсімі сталамі ён быў заўсёды тамадой — хоць не піў і не курыў. Гумар у яго быў прыродны, іскрамётны.
Аднойчы прыехаў на Нарач даўні знаёмы, мастак з Вільнюса. Вырашыў напісаць бацькаў партрэт алеем. Старанна маляваў, партрэт амаль што быў завершаны. І раптам моцны вецер, партрэт — алеем у пясок. Мастак засмучаны, паднімае сваю работу — а бацька: «Ну, глядзі, дык жа яшчэ лепш атрымалася!».
Любое сур’ёзнае, складанае пасяджэнне ў Саюзе пісьменнікаў, калі ўсе сядзяць у-у-якія, — ён мог ператварыць у жарт, усіх рассмяшыць, каб разрадзіць абстаноўку.
— А гледзячы на здымкі — складваецца ўражанне, што ён быў надзвычай сур’ёзным чалавекам.
— Вядома ж, сур’ёзны — і разам з тым…
Ён вельмі любіў шахматы, більярд, прэферанс. І быў чэмпіёнам Беларусі па прэферансу — неафіцыйным, зразумела. У асноўным гулялі ў карты бацька, Аркадзь Куляшоў, Кандрат Крапіва, Пімен Панчанка, Максім Лужанін. (Панчанка быў яго сябар — не разлі вада…). Прычым гулялі па некалькі сутак запар.
— Гулялі, відаць, не на інтарэс?
— Безумоўна, на грошы… Маці гаварыла бацьку: «Кідай пісаць, займайся прэферансам!».
— Мабыць, і стаўкі былі прыстойныя: яны ўсе былі нябедныя людзі?
— Стаўкі не ведаю, але яны былі бязмежна захопленыя гульнёй. Нават абедаць не ўставалі. Маці гатавала абед і прыносіла ім, яны харчаваліся літаральна за гульнёй. І курылі… Бацька не курыў, а вось Куляшоў курыў — горы акуркаў… Якая гэта была карцінка!
— А дзе яны звычайна гулялі?
— У нас. І вечарам жонкі тэлефанавалі: дзе мой?..
— А вы таксама ігрок, Максім Яўгенавіч?
— Не, у гэтым абсалютны нуль… Бацька выдатна помніў карту. На Нарачы ён і Лынькоў з жонкай звычайна гулялі ў «дурня». Калі Танк выйграваў, столькі радасці было — што яго смех чуваць было ў суседняй вёсцы. Зусім дзіцячыя эмоцыі! Можна было на слых лічыць, колькі разоў ён выйграваў — па смеху.
Ён быў да такой ступені жыццярадасны, вясёлы — любую спрэчку мог ператварыць у жарт. Больш светлага, добрага чалавека я не сустракаў у жыцці.
— Максім Танк любіў анекдоты?
— Вельмі! Дарэчы, нядаўна пачуў анекдот пра беларускі менталітэт — думаю, ён спадабаўся б і бацьку…
Стаіць лаўка і цвік у ёй тырчыць. Ідзе рускі. Сеў на лаўку, укалоўся — вылаяўся, вырваў цвік і выкінуў. Ідзе украінец. Сеў на лаўку, укалоўся, ціхенька вырваў цвік і паклаў у кішэню: можа, спатрэбіцца. Ідзе беларус. Сеў на лаўку — колецца. Ён ёрзае і так і сяк, але сядзіць, думае: а можа, так і трэба?..
…Калісьці яны размаўлялі з Янкам Брылём, жартавалі: «Янка, нам з табой няма чаго турбавацца пра наша ўвекавечанне: ёсць жа вуліца Танкавая і ёсць вуліца Брылеўская!».
— Максім Танк быў літаратурным рэдактарам часопіса «Вожык» (1945—1948), галоўным рэдактарам часопіса «Полымя» (1948—1966), старшынёй праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі (1971—1990)…
— Аднойчы Машэраў выклікаў бацьку ў сувязі з тым, што многія пісьменнікі п’юць, як коні, п’яныя ходзяць, паступаюць на іх адпаведныя паперы…
— Але ж сам Танк быў непітушчым?
— Аднак ён узначальваў СП!.. Бацька паслухаў Машэрава ды пытаецца: «Пётр Міронавіч, а Сяргея Ясеніна вы прынялі б у СП?» — «Пра што размова, безумоўна!» — «Дык жа ён як піў!..». Ну ўсё, пытанне было знята.
Пытаўся Машэраў і наконт аўтарства «Сказа пра Лысую гару». Бацька кажа: на многіх можна падумаць. Хоць мне здаецца, што ён дакладна ведаў, хто аўтар. Але навошта падстаўляць людзей?.. Машэраў сказаў: «А шкада, што не ведаеце, напісана добра».
— Максім Яўгенавіч, а вы вершы не пісалі?
— Спрабаваў калісьці. І што атрымлівалася? Пакажу верш бацьку, а ён: «Тут Пушкін, тут Лермантаў…». Адразу ўлоўліваў перайманне. Многія знаёмыя, якія даволі няблага пісалі вершы, таксама прыносілі сшыткі — я перадаваў бацьку, каб ён паглядзеў-паправіў. На палях бацька пісаў алоўкам прозвішчы паэтаў, якія «перапяваюцца».
Неяк знаёмы прынёс апублікаваную ў часопісе «Юность» паэму Бэлы Ахмадулінай «Рамэо і Джульета», вельмі абураўся: «Ты паглядзі, Шэкспіра захацела пераплюнуць! Ты паглядзі, як яна напісала!..». Пойдзем, кажу, да бацькі: што ён скажа? «У цэлым паэма сярэдняя, але ўжо толькі за гэтыя два радкі можна публікаваць і даваць прэмію, бо да яе ніхто так не сказаў». Вось такі ў яго быў падыход.
…Да бацькі прыязджаў Барыс Кіт, сусветна вядомы беларус з Навагрудка. Дзякуючы яго матэматычным разлікам амерыканцы змаглі паляцець на Месяц.
Забэйда-Суміцкі — адзін з найбліжэйшых сяброў бацькі. І як цікава: усе яны такія асцярожныя, такія падпольшчыкі. Бацька гаворыць:
— У нас пераначуй, навошта табе гэта гасцініца?
А ён: «Ага, пераначую — а потым у цябе будуць непрыемнасці, што я начаваў».
А такі прыгожы быў! Прыгажун з прыгажуноў! Ён у нас за сталом спяваў (ён жа выступаў у Міланскай оперы)… Як ён спяваў народныя песні — гэта казка!.. Забэйда ў апошніх пісьмах прасіў, каб Яўген Іванавіч «прабіў» дазвол пахаваць яго на радзіме. Бацька хадзіў па высокіх кабінетах, але… Забэйда памёр і пахаваны ў Празе.
— Максім Яўгенавіч, пасля 17 верасня 1939 года, уз’яднання Беларусі, лёс многіх актыўных удзельнікаў нацыянальна-вызваленчага руху Заходняй Беларусі склаўся трагічна. А ваш бацька не баяўся, што і яго забяруць?
У нас дома заўсёды стаяла катомка з сухарамі. Прыязджаў «варанок» — звычайна ў гадзіну ці дзве ночы — яго везлі «куды трэба»… з кіраўніком ведамства пагуляць у більярд. У працэсе гульні нібыта між іншым гучалі пытанні: «Яўген Іванавіч, а што вы думаеце аб гэтым, аб тым…». Пагулялі — дзякуй — бліжэй да раніцы адвязуць дадому.
— Як жа, не баяўся?!. У нас дома заўсёды стаяла катомка з сухарамі. Прыязджаў «варанок» — звычайна ў гадзіну ці дзве ночы — яго везлі «куды трэба»… з кіраўніком ведамства пагуляць у більярд. У таго рука спакойная, моцна кій трымае — а ў бацькі рукі дрыжаць… У працэсе гульні нібыта між іншым гучалі пытанні: «Яўген Іванавіч, а што вы думаеце аб гэтым, аб тым…». Пагулялі — дзякуй — бліжэй да раніцы адвязуць дадому. Вось такая час ад часу была муштроўка.
Аднойчы з-за даносаў лёс Максіма Танка быў вырашаны. Выратаваў Панамарэнка — бацьку і яшчэ некалькі чалавек (ён быў у добрых адносінах са Сталіным). У сям’і пра палітыку ўвогуле не размаўлялі. Бо трое дзяцей — яны языкамі вынесуць з дому, і тады ўсё.
…Машэраў выклікаў неяк бацьку і выклаў на стол вялікую папку пісьмаў-даносаў на яго. Гэта, па сутнасці, быў смяротны прысуд.
Бацька ведаў, хто пісаў на яго. І я ведаю…
— Максіму Танку проста пашанцавала, што…
— Так, пашанцавала. Ён мог трапіць у «ворагі народа» — элементарна.
***
— Максіма Танка невыпадкова называюць песняром Нарачы:
Нарач, як мора, шуміць
і на бераг круты наступае…
Шмат вершаў прысвечана і роднай Пількаўшчыне, бацькам, сваякам…
У сям’і пра палітыку ўвогуле не размаўлялі. Бо трое дзяцей — яны языкамі вынесуць з дому, і тады ўсё.
— Нарач для Танка — гэта сімвал Беларусі. Ён любіў бываць на «стыхійных» вясковых базарчыках каля Нарачы. Абавязкова пытаўся ў гандляра: «Адкуль вы?». Разгаворацца — знойдуць агульных знаёмых… Потым селянін высвятляе, што перад ім Максім Танк…
Бацька тлумачыў: «У якую б краіну ні прыехаў, перш-наперш іду на базар: менавіта там можна ўбачыць, як жыве нацыя. І ўвогуле, чым яны жывуць…».
Сала і парэзаная цыбуля на стале былі заўсёды — гэта яго любімая ежа. І вельмі любіў малако. На Нарачы ў бабулі купіў аднойчы
3-літровы слоік малака. Яна гаворыць: «Мне слоік трэба, іх мала» — «Добра». Выпіў малако і аддаў слоік.
— Адразу выпіў 3 літры малака?
— Ён вельмі любіў малако. Як толькі прыязджалі на хутар, бабуля ставіла на стол вялікую гліняную міску кіслага малака. Гэта для яго было задавальненнем нумар адзін.
…У Пількаўшчыне прайшло і маё дзяцінства, на ўсё лета мяне адпраўлялі туды.
Дзед быў майстар на ўсе рукі, усё ўмеў рабіць. Мне, хлапчуку, касу маленькую зрабіў, грабелькі. І я разам з імі з раніцы хадзіў на работу. Колькі я там напрацую — але прывучылі… Я навучыўся касіць, каня запрагаць, за плугам хадзіць… І гэтым ганаруся. Прыемна, разумееце.
А якая працавітая жанчына мая бабуля, Домна Іванаўна!..
Цікава склаўся лёс у дзядзькі Фадзея — гэта брат дзеда, вельмі граматны чалавек. Спачатку ў цара служыў. Нават гадзіннік быў падораны царом на стрэльбішчах — з гравіроўкай. Потым Фадзей паехаў у Чэхію, там скончыў ветэрынарную акадэмію. Але за палітыку яго арыштавалі, ледзь не расстралялі. Ён уцёк у Германію, там працаваў на хутары. Потым паехаў у Аргенціну — каб зарабіць і купіць свой кавалак зямлі. А на карабель не трэба было купляць білет. Прыходзіш — паказваеш рукі. Калі рукі «рабочыя», у мазалях, адразу садзілі на карабель. Вось такі адзіны «пашпарт» быў патрэбны… А на караблі, па дарозе ў Аргенціну, ужо адпрацоўвалі. 10 гадоў ён быў там, кім толькі ні працаваў — і зарабіў неблагія грошы. Прыехаў у Беларусь — і якраз прыйшла савецкая ўлада. І ўсё, заробленыя грошы прапалі, у той час нікому не былі патрэбныя долары… Ён гэта сам мне расказваў. Мы сябравалі. У Пількаўшчыне ўвесь час мы разам спалі на адрыне.
З Аргенціны дзядзька Фадзей прывёз два чамаданы навуковых кніг па хіміі, біялогіі, медыцыне — на іспанскай мове (ён дасканала ведаў і нямецкую, і чэшскую). З усёй Мядзельшчыны вялі хворую хатнюю жывёлу да яго, ведалі: добры лекар.
Калі я пайшоў вучыцца на хіміка, ён правяраў, як я ведаю хімію. Пытаўся: а што будзе, калі злучыць гэта з гэтым. Я скажу — ён па сваёй іспанскай кнізе праверыць: дакладна…
— Адчуваецца, што да бацькоў у Максіма Танка было асаблівае стаўленне.
— Калі бацькі былі ўжо старыя, жылі на хутары — ён на зіму хацеў іх забраць у Мінск. «Толькі на зіму, летам зноў адвязу вас курэй карміць»… Не пагаджаліся. Потым ён дамовіўся забіраць іх па чарзе. Але ў Мінску на іх страшна было глядзець — і на бабулю, і на дзеда. Сядзяць, у акно глядзяць — як тая канарэйка ў клетцы. Людзі прывыклі да свайго кутка, ім там кожны кусток родны, кожная галінка. А паспрабуй пераламаць старога чалавека!..
Захавалася ў Пількаўшчыне старая бацькоўская хата. Дзядзька Фёдар (малодшы брат бацькі) зрабіў у хаце пакой-музей Максіма Танка.
…У сваім завяшчанні Максім Танк прасіў пахаваць яго на тых могілках, дзе пахаваны бацькі. Прытым не ставіць ніякага помніка, а толькі на стэле, якую ён паставіў сваёй маці, дапісаць яго імя — калі можна… І не называць яго імем ні вуліц, ні ўстаноў. І не ставіць помнікаў, не вешаць мемарыяльных дошак. А на пахаванні не несці ордэнаў…
— А ў яго столькі ўзнагарод было — калі не памыляюся, два ордэны Леніна?
— Чатыры… Ён хацеў, каб пахаванне адбылося без усялякай помпы — ціха, па-сялянску, па-беларуску…
І што цікава, упершыню я ўбачыў такое. Яго труну паставілі ў садзе на табурэтках каля бацькоўскай хаты… (Гарачыня была. Спачатку труна ў хаце стаяла. Потым бацьку вынеслі ў сад: вельмі шмат землякоў прыйшло развітацца.) Па краях па ўсяму перыметру труны селі зялёныя конікі. Прычым так шчыльна, што адзін аднаго скідвалі. І якраз у такім абрамленні адбывалася развітанне…
Ты яшчэ толькі намёк
на чалавека,
Калі ва ўсім спадзяешся на маці;
Ты яшчэ — чвэрць чалавека,
Калі ва ўсім спадзяешся на дружбу;
Ты толькі — паўчалавека,
Калі ва ўсім спадзяешся на любоў,
І толькі тады становішся чалавекам,
Калі ўсе могуць спадзявацца
На цябе.
* * *
— У 1954 годзе пісьменнікі Беларусі Міхась Лынькоў, Аркадзь Куляшоў і Максім Танк атрымалі дазвол урада БССР на будаўніцтва прыватных лецішчаў на Нарачы. Пусты пясчаны бераг іх клопатам ператварыўся ў сад, сосны і таполі, пасаджаныя іх рукамі, дагэтуль упрыгожваюць гэтае месца. Пачынаючы з сярэдзіны 50-х, Танк, Лынькоў і Куляшоў падоўгу жылі і плённа працавалі тут. Шматлікія творы былі напісаны ў гэтым прыгожым і натхняльным месцы, дастаткова прыгадаць знакаміты зборнік Максіма Танка «Нарачанскія сосны». Пісьменніцкія сядзібы памятаюць імёны людзей, вядомых ва ўсім свеце, якія наведвалі беларускіх пісьменнікаў-нарачанцаў. Тут часта і падоўгу гасцявалі і жылі Якуб Колас, Пімен Панчанка, Кандрат Крапіва, Канстанцыя Буйло, Уладзімір Дубоўка, Костас Корсакас, Пётр Машэраў, Сяргей Прытыцкі, Ежы Путрамэнт, Найдан Вылчаў, Давід Кугульцінаў, Міхаіл Дудзін і многія іншыя. Экскурсіі для адпачываючых на Нарачы ўключаюць у сябе прыпынак каля гэтых дач і кароткі аповед пра пісьменнікаў і іх творчасць.
У сваім завяшчанні Максім Танк прасіў пахаваць яго на тых могілках, дзе пахаваны бацькі. Прытым не ставіць ніякага помніка, а толькі на стэле, якую ён паставіў сваёй маці, дапісаць яго імя — калі можна… І не называць яго імем ні вуліц, ні ўстаноў. І не ставіць помнікаў, не вешаць мемарыяльных дошак. А на пахаванні не несці ордэнаў
На жаль, гісторыка-культурная каштоўнасць гэтага ўнікальнага месца не знаходзіць належнага разумення з боку мясцовых уладаў. Дамы, пабудаваныя народнымі пісьменнікамі, знаходзяцца пад пагрозай знішчэння. Такі абыякавы падыход да мемарыяльнага па сутнасці сваёй аб’екта стратны для ідэі нацыянальнага будаўніцтва.
Мы, нашчадкі пісьменнікаў, разумеем, што пабудовы 50-х гадоў не надта ўпісваюцца ў сённяшняе мадэрнізаванае аблічча курорта Нарач. Вырашэнне праблемы бачыцца ў тым, каб улады Нацыянальнага парку ўключылі дамы Лынькова, Танка і Куляшова ў структуру запаведніка як культурны аб’ект, паставіўшы на гэтым месцы мемарыяльны знак, і ўзялі на сябе клопат аб іх захаванні. У перспектыве магчыма было б стварэнне на базе гэтых дамоў філіяла Літаратурнага музея Беларусі — мы са свайго боку будзем рады садзейнічаць гэтаму (выдзеліць частку дома для музея, удзельнічаць у стварэнні экспазіцыі і арганізацыі экскурсій і г.д.).
На Нарачы шмат людзей адпачывае, людзям надзвычай цікавым быў бы літаратурны маршрут. Там каля дач добрая пляцоўка, на ёй ні дрэўца. Можна было б праводзіць святы паэзіі…
Аўтар Таццяна Падаляк