Мой Максім Танк

Я прачытала значна больш, чым таго патрабуе школьная праграма. Увогуле, не зусім разумею, як можна запраграмаваць вывучэнне лірыкі. Хто адбірае творы для вывучэння? Якія густы гэтых людзей? Ведаю, што яны кампетэнтныя, значна больш ведаюць, чым мы. Менавіта нашыя старэйшыя таварышы ўвялі ў школьную праграму верш Танка «Паслухайце, вясна ідзе...».

Гэта шэдэўр сусветнай паэзіі. Сапраўднай паэзіі, з яе культам абсалютнай свабоды. I разам з тым мне хацелася б самой выбіраць канкрэтныя творы, даваць ім паглыбленую ацэнку. У дадзенай канкрэтнай сітуацыі я выбрала б верш «Да дня». Не толькі пра лёс рэвалюцыянера, вязня польскага засценка, гэты твор. Ён больш — пра бацьку і сына. Бацьку-сейбіта, які ў душы, можа, і не ўхваляе рэвалюцыйныя дзеянні свайго сына, але ў традыцыях беларусаў не папракае яго, не хоча замінаць яму ў яго справах: сын жа дарослы, мае сваю галаву, Ён, бацька, не можа адмовіцца ад сына ў суровы для таго час, ідзе да яго на спатканне ў турму.

Сустрэча не прынесла асаблівай радасці і палёгкі: на шчоках сталага чалавека блішчаць слёзы, калі ён спавядаецца перад вязнем аб хатніх справах, родных і блізкіх, аб сяўбе, што не за гарамі. Яго клопаты блізкія вязню. I сэрцы абодвух перапаўняюцца болем, смуткам. Паэт не стварае традыцыйны для даваеннай савецкай літаратуры вобраз палымянага рэвалюцыянера, а паказвае чытачу звычайнага чалавека, які пакутліва перажывае трагедыю блізкіх людзей, пераводзіць апавяданне пра змаганне за свабоду ў рэчышча чыста побытавых, рэальных жыццёвых клопатаў. I ў гэтым «перавядзенні» высокага ў паўсядзённае заключаецца наватарства мастака слова.

Я люблю паэму Танка «Журавінавы цвет» — пра каханне сярод цудоўнай прыроды, паэму «Нарач» — за рамантызацыю подзвігу, а творчасць мастака ў цэлым — за яе высокі гуманістычны пафас, за дабрыню і чалавечнасць, за ўважлівае стаўленне да ўсяго, што ў чалавеку і навокал чалавека. За грамадзянскасць, павернутую тварам да рэалій жыцця.

Аўтар невядомы