Мабыць, ёсць нешта знакавае і ў самым дні, калі Максім Танк (Яўген Іванавіч Скурко) з'явіўся на свет, бо дзень яго нараджэння — 17 верасня (у 1912 г.) — супаў з днём вызвалення яго радзімы ад белапольскай акупацыі і ўз'яднання Заходняй Беларусі з Усходняй — дзень, які ён набліжаў, дзеля якога ішоў па этапах, сядзеў у турмах. Не лірычны герой, а сам паэт меў поўнае права сказаць пра сябе і сваіх сакамернікаў з Лукішскай віленскай турмы для палітвязняў і Картуз-Бярозскага канцлагера, што святы для Бела русі дзень уз'яднання яны не проста чакалі, а «начамі паўзлі да калючага дроту» — змагаліся.
Асноўная тэма яго давераснёўскай творчасці — рэвалюцыйна-вызваленчая. Галоўны герой вершаў першага зборніка «На этапах» (1936) — рэвалюцыянер, змагар, які зрабіў для сябе выбар: лепш нягоды, чым няволя Бацькаўшчыны. Пра каштоўнасць зборніка сведчыць высокі «ганарар», які атрымаў і аўтар, і выдавец зборніка — па шэсць месяцаў турмы кожнаму. I зноў — у Лукішкі, зноў у тую турму, якая вызначалася асаблівай жорсткасцю ў адносінах да палітвязняў.
Другі («Журавінавы цвет», 1937) і'трэці («Пад мачтай», 1938) зборнікі таксама напісаны на высокай ноце грамадзянскасці, публіцыстычнасці і лірызму.
Ужо ў давераснёўскай творчасці М. Танка вылучаецца вызначальная адметнасць усёй яго творчасці і мастацкага стылю — метафарычнасць. Нельга не здзіўляцца дару маладога песняра напаўняць вершы з відавочна палітычным зместам вобразнасцю. Пейзаж ці побытавая замалёўка, ці, як у вершы «На пероне», што нагадвае рэпартаж з чыгуначнага вакзала, — што ні радок, то метафара: «гарыць памалу ноч даўгой лучынай, зайцамі крадуцца цені па сцяне»; «пеніцца, сярдзіта бульба закіпае снежнаю завеяй ў чорным сагане» («Песня кулікоў»); «павязлі цягнікі восень з вёсак у горад» («Павязлі цягнікі»); «вячэрні перон абмыла мова чужая»; «Наша юнацтва вывозяць» («На пероне»).
17 верасня 1939 г. здзейснілася мара паэтазмагара: родная Беларусь стала свободнай, але шчасце было нядоўгім, радасць вызвалення азмрочылі «Хмары з захаду». I Радзіму, і самога М. Танка чакалі новыя, яшчэ цяжэйшыя выпрабаванні.
Асноўная тэма лірыкі М. Танка перыяду вайны — патрыятычная. Сапраўдным шэдэўрам, узорам патрыятычнай лірыкі з'яўляецца верш «Родная мова».
Верш напісаны ў 1943 годзе, у крытычны і трагічны для Радзімы час, калі над ёй стаяў «акрываўлены вораг з пятлёй», стаяў «над спаленай хатай, над родным загонам, над будучыняй...». Філасофскае ўсведамленне паэта, што ўсё ў гэтай бітве святла з цемрай вызначыць сіла духоўнасці, знайшло незвычайнае вырашэнне ў вершы, галоўная думка якога такая: пакуль жыве мова — жыве народ, бо мова — ёсць выяўленне духоўнасці народа, яго сілы і непераможнасці.
Верш напісаны ў форме лірычнага прачулага звароту да мовы, змест якога — прызнанне ў любові, выяўленне душы, што поўніцца пачуццямі захаплення, удзячнасці, веры і надзеі. Анафарычая першая страфа верша (аж 9 радкоў) ўяўляе сабой адну сінтаксічную адзінку — перыяд, першая частка якога — мноства аднародных членаў сказа і адзін даданы сказ, другая частка — граматычная аснова («ты выткана») са звароткам «дзіўная родная мова»). Такая складаная сінтаксічная канструкцыя спрыяе выяўленню думкі на ўзроўні малітоўнасці пра багацце роднай мовы і яе вытокі, пра тое, што тварэц мовы — народ, што ў мове — яго гісторыя, яго традыцыі, яго душа. Мова — святыня народа, бяссмерце яго, сцвярджае паэт.
Другая страфа і адначасова кампазіцыйная частка верша складаецца з двух сказаў, другі з каторых — таксама перыяд, якім паэт дасягае пафаснасці ў выяўленні думкі пра магутную сілу слова, натхняючую сілу. У гэтай сваёй частцы верш гучыць як клятва вернасці Радзіме і мове — таму, «што было і што век будзе вольным». Багатая наша родная мова («Няма на зямлі таго шчасця і гора, Якога б ты нам перадаць не змагла».), вялікая і натхняючая яе сіла:
Няма такіх нетраў, глыбокага мора
I гор, праз якія б ты не правяла
Мяне на Радзіму, туды, дзе сягоння
Стаіць акрываўлены вораг з пятлёй
Над спаленай хатай, над родным загонам,
Над будучыняй і над песняй маёй, —
Над тым, што было і што век будзе вольным.
Трэцяя частка верша — акордная, жыццесцвярджальная і аптымістычная: Народ пранясе цябе, родная мова, 4 Святлом незгасальным у сэрцы сваім Праз цемру і годы змаганняў суровых.
Ужо ў гэтым вершы выявілася акрамя метафарычнасці і схільнасць паэта да выяўлення багатага духоўнага свету свайго лірычнага героя праз складаныя сінтаксічныя канструкцыі, і найчасцей — перыяд. Паэт быццам самой будовай сваіх вершаў ужо сцвярджае адзін з законаў жыцця: любая існасць, любая думка патрабуе і адпаведнага зместу выяўлення. Праўда, паэту падуладны выключна ўсе элементы сінтаксісу, як падуладны ўсе вершаваныя памеры, аднак, дамінуе ў яго паэзіі верш-верлібр — свабодны верш, сапраўды свабодны і ад традцыйнага рытму, і ад рыфмы, але не свабодны ад саміх асноў паэзіі.
Вонкавая адсутнасць рытму і рыфмы кампенсуецца і ўмоўна-асацыятыўнай вобразнасцю, і філасафічнасцю твора, яго падтэкстам, які патрабуе ад чытача «садумання», «сатворчасці». Гэта паэзія інтэлектуальная, філасофская. Менавіта такая паэзія М. Танка. Вонкавая прастата яго вершаў не мае нічога агульнага са спрошчанасцю, свабода — зхаосам.
Узорам філасофскай лірыкі Танка і адначасова яркім прыкладам і ілюстрацыяй адметнасці яго творчай манеры, стылю з'яўляецца верш з метафарычнай назвай «Перапіска з зямлёй». Ды і сам верш — разгорнутая метафара, да ўсяго яшчэ — перыфраза (моўная загадка, апісанне з'яў, прадметаў, не называючы іх). Разгадаць гэту загадку (што само па сабе — цікавая і карысная для чалавечага розуму і душы праца) — усвядоміць ідэю, філасофію твора. У пэўным сэнсе гэта і ёсць «сатворчасць» чытача і пісьменніка. Метафарай «пісаў зямлі многа лістоў» і яе канкрэтызацыяй («пісаў смыкамі ўсіх скрыпак»; «пісаў спіцамі дрогкіх калёс, якарамі і мачтамі караблёў») паэт славіць усе людскія справы і прафесіі. Ідэя верша, філасофія яго ў другой кампазіцыйнай частцы:
Але пакуль што Адказ атрымаў я
Толькі на ліст мой,
Напісаны плугам.
Вось ён.
Парэжце на скібы яго.
Частуйцеся.
Ешце.
Паэт катэгарычны ў сваім перакананні: усе працы — добрыя, але важнейшая за ўсе, вышэйшая за ўсе — хлебаробская. Яна — усяму аснова, як хлеб — усяму галава.
Метафарычнасць дазваляе паэту пазбегнуць маралізавання і публіцыстычнасці, што несумяшчальнае з паэзіяй.
Вершам «Я помню звычай старадаўні...» М. Танк сцвярджае, што сутнасць чалавека вызначаецца справай, якой ён прысвяціў сваё жыццё, праз якую рэалізаваў свой дар і якою пакінуў пасля сябе след на зямлі:
Я помню звычай старадаўні:
Калі каго ў сяле хавалі,
Таму любімыя прылады
Заўсёды ў дамавіну клалі.
Аратаму — яго сявеньку, Стральцу — рог, што будзіў дубровы, Музыку — бубен ці жалейку, А кавалю — гвозд ці падкову,
Шаўцу — капыл ці скрутак дратвы,
А вінакуру — коўш з дубіцай, —
Каб не з пустымі ім рукамі
Перад святым Пятром з'яеіцца.
Аднак галоўная ідэя і філасофія верша заключана ў чацвёртай, апошняй страфе і вызначае асноўную яго тэму — прызначэння паэта і паэзіі:
Таму і мне ў час развітання Пяро з грамніцай дайце, дзеці, Каб напісаў я вам пра тое, Што ўсіх чакае на тым свеце.
Фальклорныя рэмінісцэнцыі таксама адметная асаблівасць творчасці М. Танка, пра што сведчыць і гэты верш, аднак, у апошняй страфе відавочная і біблейская рэмініс цэнцыя. Прыгадаем біблейскую прытчу пра багацея і Лазара. Першы пасля смерці быў кінуты ў пекла, а праведнік Лазар узнесены ва ўлонне Аўраамава — у рай. Багацей узмаліўся, каб Аўраам паслаў Лазара змачыць яго сасмяглыя вусны, але Аўраам адказаў, што паміж багацеем і Лазарам ужо велізарная прорва, якую нікому не дадзена пераступіць.
— Дык прашу цябе, ойча, пашлі тады Лазара ў дом майго бацькі, бо ў мяне там пяць братоў, якія таксама пагрузлі ў грахах і блудзе. Хай засведчыць ім, каб не прыйшлі і яны ў гэтае месца пакуты. Калі хто з мёртвых прыйдзе да іх — паслухаюць і пакаюцца.
— У іх ёсць Маісей і прарокі — хай слухаюць іх, бо калі не слухаюць і іх, то і ўваскрэслага не паслухаюць.
Апошняй страфой М. Танк сцвярджае, што паэт — гэта прарок, якому дадзена тое, чаго не дадзена іншым. Бачыць, чуць, разумець лепш за іншых дадзена яму. Яму падуладна немагчымае — напісаць і папярэдзіць усіх, што іх чакае, каб помнілі пра будучае, «каб ведалі».
У народзе не раз можна пачуць: калі б хто змог адтуль вярнуцца і рассказаць, «як там жывецца», то разам вырашылася б мноства праблем у гэтым свеце. Людзі ведалі б, дзеля чаго жывуць, чым толькі і трэба даражыць, жывучы імгненне на гэтай зямлі. I гэта паўплывала б на іх думкі, паводзіны, справы — тут і цяпер.
У нас, як пра тое даводзіць Біблія, ёсць тыя, хто не з таго свету, а тут, жывучы, як і мы, на гэтай зямлі, можа нас перасцерагчы, папярэдзіць, бо ім дадзены вялікі і незвычайны дар. Нам дакляравана слухаць сваіх прарокаў.
Дар гэты — як бліскавіца, як кветка, як след разведчыка, як сок вінаграда, як «кроў, што пульсуе ў жылах», як маці, як радзіма, без якіх «ні нараджацца, ні жыць На гэтай зямлі немагчыма!» (верш «Паэзія»).
У філасофскай лірыцы М. Танка відавочна схільнасць паэта да выкарыстання вялікіх магчымасцей такога мастацкага прыёму, як градацыя, асабліва ў спалучэнні з анафарай:
Ты яшчэ толькі намёк на чалавека,
Калі ва ўсім спадзяешся на маці;
Ты яшчэ — чвэрць чалавека,
Калі ва ўсім спадзяешся на дружбу; Ты толькі— паўчалавека, Калі ва ўсім спадзяешся на любоў, —
I толькі тады становішся чалавекам,
Калі ўсе могуць спадзявацца ;
На цябе.
У вершаваных радках групуюцца словы і выразы з нарастаннем іх эмацыйна-сэнсавай выразнасці («намёк на чалавека», «чвэрць чалавека», «паўчалавека», «становішся чалавекам» — «спадзяешся на маці», «на дружбу», «на любоў», «усе могуць спадзявацца на цябе»), чым узмацняецца экспрэсія выказвання: чалавек толькі тады адбыўся як чалавек, калі ён можа дапамагчы іншаму, калі ён патрэбны людзям.
Групоўкай слоў і выразаў з нарастаннем іх сэнсавай выразнасці («незнаёмага», «друга», «любай», «маці» — «здзівіць», «спыніць», «сагрэць сонцам лета», «вярнуць з таго свету») у вершы «Голас» паэт дасягае афарыстычнасці ва ўслаўленні маці і яе бязмежнай любові да дзяцей.
Голас незнаёмага можа здзівіць, Голас друга — на хвіліну спыніць, Голас любай — сагрэць сонцам лета, Голас маці — вярнуць з таго свепгу.
... Адзін мудры чалавек на пытанне, што ён у жыцці любіць болын за ўсё, адказаў: «Само жыццё». Лірычны герой вершаў М. Танка не толькі шчыры, чулы, высакародны, але і мудры. Праз усведамленне лірычным героем шчасця М. Танк у вершы «Шчасце» сцвярджае простую і вечную ісціну: шчасце — гэта само жыццё, бо ўсё пералічанае паэтам — выявы жыцця. Верш насычаны аднароднымі дапаўненнямі («з солі, з хлеба..., з поту, з дарожнага пылу, з роднага небасхілу, з дружбы..., з песні»), пасля якіх — шматкроп'е: кожны можа прадоўжыць гэты пералік жаданымі для сябе выявамі жыцця, але ўсведамленне таго, што «простае шчасце людское», аб'яднае нас усіх. Усведамленне жыцця самога па сабе, ва ўсіх яго праяўленнях, як шчасця — сведчанне мудрасці, аптымізму і жыццястойкасці чалавека наогул і лірычнага героя М. Танка ў прыватнасці.
У вершы «Шчаслівы дзень» сцвярджаецца філасофская думка, што якім бы мудрым ні быў чалавек, якімі б здольнасцямі ўбіраць у сябе вопыт папярэднікаў ні валодаў, — адкрыццяў на ўласным шляху яму не пазбегнуць, як не ўхіліцца ад вырашэння праблем «праўды, няпраўды, дружбы, кахання, жыцця і смерці». Шчаслівы той дзень, лічыць паэт-філосаф, калі чалавек пераасэнсаваў раней асэнсаванае, калі змог перагледзець свае каштоўнасці. Шчаслівы дзень вызначаецца словамі «I аказалася», бо чалавек на сваё ранейшае «Я думаў» глядзіць ужо з вышыні вопыту, сталення розуму і душы.
Вершы «Нашто ты косы заплятаеш...», «Ауе Магіа», «Працягласць дня і ночы» —гімн жаноцкасці, прыгажосці, гімн жанчыне, якая здольна не толькі «дзень укараціць I ноч прадоўжыць, Але ашчаслівіць На ўсё жыццё».
Багатую духоўную спадчыну пакінуў нам паэт у сваіх зборніках «Каб ведалі», «На камні, жалезе і золаце», «След бліскавіцы», «Мой хлеб надзённы», «Дарога, закапыханая жытам», «Прайсці праз вернасць», «Нарачанскія сосны».
Стыль пісьменніка М. Танка вызначаецца схільнасцю да філасофскага ўспрымання і адлюстравання жыцця, выкарыстання фальклору, метафарычнасці, і пры ўсёй разнастайнасці метрыкі да выкарыстання вялікіх магчамасцей менавіта свабоднага верша з усімі характэрнымі для гэтага жанру лірыкі асаблівасцямі.
Аўтар невядомы