Тэма мастака і мастацтва ў творчасці Максіма Танка

Непакой за цябе, зямля мая, —
Мой хлеб надзённы.

М. Танк

У творчасці Максіма Танка нямала твораў, прысвечаных тэме мастака і мастацтва. Прадаўжаючы традыцыі Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, паэт сцвярджае даўно выказаную думку аб цеснай і непарыўнай сувязі мастака з жыццём народа і сённяшнім днём, аб бессмяротнасці тых твораў, якія па-мастацку дасканала і праўдзіва адлюстроўваюць рэчаіснасць.

М. Танк задумваецца над сваёй творчасцю, прызначэннем паэзіі, яе сутнасцю. У вершах "Паэзія" і "Трактат аб паэзіі" аўтар лічыць, што паэзія можа вызваліць з "няволі і пекла", можа прабіць кветкай вясновай "камень магільны", дапамагае ў дружбе і каханні. Па вобразным выказванні М. Танка,

Паэзія — гэта адвечная цяга
Вяршынь да нябёс,
А траваў і дрэваў —
Да сонца.
Паэзія — гэта вясёлкавы мост
Ад сэрца людскога
Да мары.
Паэзія — дружба
Зярна і зямлі,
Агню і крыві
Прабуджэнне...

("Трактат аб паэзіі")

Паэзія параўноваецца з бліскавіцай, з вясновай кветкай, следам разведчыка, з сокам вінаграду. Але ўсё гэта не ахоплівае значэння паэзіі, якая для творчага чалавека — нешта большае:

А ты адказала большым:
Ты — кроў, што пульсуе па жылах,
Ты — сонца, якое
Прасторы святлом азарыла,
І без чаго, як без маці
Або без радзімы,
Ні нараджацца, ні жыць
На зямлі немагчыма!

("Паэзія")

Сапраўдным гімнам творчай працы і таленту з'яўляецца паэма М. Танка "Люцыян Таполя". У аснове твора — лёс таленавітых мастакоў з народа, канфлікт народнага ўмельца, майстра па мастацкай разьбе Люцыяна Таполі (па мянушцы Багароб) з біскупам Сямашкам.

Шчыры мастак Люцыян, пад рукамі якога, "бы ад чараў нейкіх, ажывала нават нежывое", выразаў для навагодняй батлейкі Ірада, падобнага да пана. Твар і постаць прасвятой багародзіцы ў батлейцы нагадвалі дзяўчыну Тэклю, да якой калісьці сватаўся Люцыян. Анёлы, выразаныя з чачоткавай бярозы, былі копіяй Сцяпана і Харытона — двух плытагонаў, мядзельскіх п'яніц. Біскуп Сямашка не мог дараваць такога простаму "хлопу", чалавеку з народа, і прыдумаў цяжкую кару: "пад страхам пекла і пракляцця цэлых дзесяць год адбываць пакуты і не брацца за сваё майстэрства". Для мастака гэта азначала духоўную смерць.

Прайшоў час. За дзесяць гадоў Люцыян "шмат пабачыў і бяды, і гора, зведаў шмат зямель". Вярнуўшыся ў родныя мясціны, ён сустракаецца з біскупам, які, не пазнаўшы ў сівым "старцу" даўнейшага грэшніка, даручае яму будаваць новую святыню. І зноў пад рукамі народнага дойліда "ажывала нават нежывое, немагчымае рабілася магчымым: гнуўся камень, а з звычайнай цэглы, быццам з бронзы, паўставалі здані". Увесь свой талент, і гнеў, і асабістую крыўду ўкладвае Люцыян у працу. Фігуры атрымаліся падобнымі да магнатаў, панскіх цівуноў, хітрых езуітаў. Біскупа ж Сямашку ён размясціў сярод хімер з рагамі, пачвар з зяпамі, гадаў з хвастамі і іншых прадстаўнікоў пекла. Убачыўшы гэта, Сямашка не вытрымлівае і памірае.

Сваім талентам, праўдзівым мастацтвам, а не сілай, як гэта мы бачым у творы, змог адпомсціць Люцыян Таполя крыўдзіцелю народа. Чалавек, які пры жыцці мае бязмерную ўладу і незлічоныя багацці, пасля смерці можа бясследна знікнуць з памяці. Сапраўднае ж, праўдзівае мастацтва, на думку М. Танка, бессмяротнае.

Аўтар невядомы