Тэма Вялікай Айчыннай вайны ў творчасці Максіма Танка

А мы шляхі вярнуцца знойдзем. Максім Танк Тэма Вялікай Айчыннай ванны — адна з галоўных у нашай літаратуры. Думаю, што галоўнай яна будзе і надалей, бо помніць будуць многія пакаленні і лічбы (кожны чацвёрты на Беларусі, кожны — трэці на Віцебшчыне загінуў у суровы час), і зямлянкі лясныя, якія не паспеюць зарасці травой. Раны вайны — самыя страшэнныя. Яны вельмі цяжка загойваюцца. Я ведаю вайну толькі па ўспамінах старэйшых — бацькоў, знаёмых і кнігах. Якой яна была? Не магу да канца ўявіць? Каму яна спатрэбілася? Фюрэру Адольфу, Сталіну? Пытанні гэтыя не даюць мне спакою. Не давалі спакою яны Максіму Танку і ў вайну, і пасля яе. Ён змог у паэме «Янук Сяліба», увогуле даволі слабым творы, паказаць, як трагічныя падзеі разбураюць сямейнае шчасце. Вывеў вобразы катаў-фашыстаў і іх памагатых тыпу Гарыдаўца. Гэты чалавек у вайну раскрыўся ва ўсёй пачварнасці: вырашае адпомсціць і Януку Сялібу, і яго жонцы Яніне, якую некалі па-свойму кахаў. Вайна ў паэме паказана ў трагедыйным плане. Але не хапае твору душэўнага агню, натхнёнасці і лірычнай прачуласці. Мне больш падабаецца яго верш «Маці», у якім усё гэта ёсць. Па жанры — балада, твор хвалюе мяне і самой сітуацыяй — маці змочвае слязамі сынаву кашулю і вышывае на палатне закляцце ад варожай кулі: Закляцце ад варожай кулі, Ад лютай смерці, ад пятлі, Ад груганоў, каб праз кашулю Дастаць да сэрца не змаглі. Падабаецца верш сваёй сувяззю з фальклорам. Гучыць ён як крынічная, светлая песня, як закляцце і праклён чужынцам, як малітва за самага дарагога чалавека. У гэтым вершы сам паэт выступав як чалавек добры і шчыры. Ён, як і маці, верыць у перамогу дабра над злом. Аднак тэма мінулай вайны адкрыецца паэту ва ўсім драматызме толькі ў першыя пасляваенныя гады. Калі іншыя аўтары (Вялюгін, Кірэенка, напрыклад) захапіліся пасляваеннымі перамогамі, ён сказаў сваё залатое слова пра вялікі кошт гэтай перамогі, праспяваў рэквіем тым, хто з вайны не вярнуўся, па абавязку жывога перад мёртвымі. У 1948 г. выходзіць яго зборнік паэзіі «Каб ведалі». Журботны, сумны. Пра вялікія страты. Пра маці, якія чакаюць — не дачакаюцца сваіх сыноў з вайны і пакідаюць раз-пораз за сталом свабодныя месцы, лішнія кубкі і лыжкі. Іх сэрцы дрыжаць: «А раптам вернуцца?». На высокім кургане, які сімвалізуе ў беларускай літаратуры сівую даўніну і святую памяць, сасна, як жывая істота, таксама стаіць, вартуе сон загінуўшых, паказвае дарогу ўсім, хто не вярнуўся дадому і, можа, яшчэ шукае яе. Сасна — гэта маяк, які асвятляе дарогу дадому, на Радзіму. Зборнік і называецца не выпадкова: «Каб ведалі»... Каб ведалі. Не забываліся на страты. Чакалі. Праз гады. Праз дзесяцігоддзі. Каб не забываліся на спрадвечнае, агульначалавечае. Вайна стане адной з галоўных і ў пазнейшай паэзіі Максіма Танка. Ёй будуць прысвечаны многія-многія творы. I разам з тым у мяне складваецца ўражанне, што паэту не хапіла сілаў, каб узняцца на вышыню быкаўскага ўспрымання вайны як сусветнай трагедыі, як пачвары, якая супроцьзаконна ўсчынілася на зямлі, паставіла народ перад выбарам — быць людзьмі, узняцца ў вышыню, адужаць усё наканаванае ці скарыцца абставінам. Але пры ўсім пры тым і Максім Танк унёс свой годны ўклад у яе раскрыццё. Тым больш, што Быкаў — гэта эталон для нашай і іншых літаратур свету ў раскрыцці мінулай трагічнай вайны. Сведчаннем таму яго радкі з кнігі «Збор калосся»: О, колькі яшчэ Праз гады штармавыя Палаючай праўды Нікім не адкрыта, Каб сталі праўдзівымі Словы святыя: «Ніхто не забыты, Нішто не забыта...» Аўтар невядомыNike Air Max 270