Даўно калісьці з прастораў рускіх,
3 далінаў Нёмна
Крыжанкі комтур да замкаў прускіх
Гнаў шмат палонных.
Былі між імі хлапец з дзяўчынай
(Іх скутых гналі),
Іван ды Мар'я ў сваёй краіне
Іх людзі звалі.
Калі пад вечар абоз праходзіў
Мяжу-граніцу,
Калі знікалі ўдалі, на ўсходзе,
Бары, крыніцы:
— Далей не ў сілах ісці, каханы, —
Сказала Мар'я, —
Ісці ад родных дуброў, палянаў,
Ад зор і хмар я.
Іван сказаў ёй: — Даўно пара нам
Спытаці шчасця,
Чым жыць і гінуць век у кайданах,
Лепш вольным пасці...
Начной парою, глухой гадзінай
Юнак адважны,
Здабыўшы зброю, з сваёй дзяўчынай
Уцёк з-пад стражы.
Калі-ж дазнаўся аб гэтым комтур, —
Хутчэй шляхамі
Услед пагнаўся з атрадам конным
За бегляцамі.
Тры дні няспынна пагонь ляцела,
І каля Нёмна
Хлапца з дзяўчынай дагналі стрэлы
У полі роўным.
Дагналі стрэлы, ды не дагнала
Іх смерць-няволя, —
Дзе кроў іх пала, закрасавала
Там кветка ў полі.
I сёння ўсюды, каля стажар'яў,
Па белым свеце
Легенду-кветку — Іван-ды-Мар’я
Калыша вецер.