Зноў чэрвень вуліцы Масквы
заліў расплаўленым блакітам,
вяснянай зеленню абвіў,
і толькі дальні гром зенітак
напамінае — бой ідзе.
У гэты час душой салдата,
душой паэта, кожны дзень,
як раны боль, адчуеш страту.
У змрочнай зале цішыня.
Сябры прыходзяць развітацца.
Як сэрца звон-набат суняць
каля тваёй труны на варце?
Ты не памёр, ты адпачыць
прылёг, змарыўшыся у скрусе,
і чуеш, як Сула гучыць,
і сніш ты сны аб Беларусі.
Але хаўтурны рэквіем —
жалобны марш — ўсяму пярэчыць.
I між вянкоў вясняных крэп —
на провады, не на сустрэчу.
Тваю труну нясуць сябры.
I колькі плеч яна схіляе,
як навальніца у бары,
як хмара над далёкім краем.
Смерць пагасіла песняра,
забрала ў грозную гадзіну,
калі пажарышчаў зара
яшчэ лунае над краінай.
Але жыве і будзе жыць
баяна песня, што з народам
прайшла да ясных зор, крыніц
усе пакуты і нягоды.
Дарэмна ворагі яе
спаліць стараюцца і знішчыць.
Яна з руінаў устае,
з гарачых Мінска папялішчаў;
яна вядзе і кліча ў бой
знішчаць фашысцкі зброд паганы.
Над Нёмнам, над Беразіной
яе спяваюць партызаны.
Настане дзень, настане час —
усе збярэмся на радзіме.
Ты вечна будзеш сярод нас.
I непаўторнай тваё імя
легендай стане у вяках,
паходняй, што сваім праменнем
паможа ў будучыню шлях
прабіць наступным пакаленням.