За шыбамі тлеюць у попеле сінія зоры.
Мерзнуць ад сцюжы апухшыя пальцы, баляць.
Ведаю, песні, вам хочацца струнных разораў,
шолаху лесу зялёнага, звону азёраў, —
сніцца не раз вам шчаслівая наша зямля.
Будзе ўсё гэта... Сталёвым нарогам падымем
новыя дні; залатых ураджаяў зару
збяруць у снапы маторы рукамі стальнымі;
і вёснамі будзе цвісці маладымі,
вясёлкамі песень мая Беларусь.
А сёння ідзіце, ў народ мой ўлівайцеся бунтам,
Хай звоніць у кроках ваш кожны акорд-пераліў.
Вы гнуцца не ўмелі; закутыя, ў путах
з балотнай крыніцы не пілі атруты,
не поўзалі вы, калі цёмныя хмары плылі.
А сёння ідзіце у нізкія хаты, пад стрэхі.
Пазнаюць вас там па глыбокіх шрамох,
па чорных мазолях, па звонячым рэху.
Як сонечныя, загарайцеся, вехі,
на новых вяршынях цяжкіх перамог.
А сёння ідзіце між родных загонаў,
шмат вочаў знаёмых спаткаеце вы.
Засцеляць вам нівы узорны настольнік,
як прыдзеце ў госці ў дзень заўтрашні, вольны,
ці з славаю паўшых, ці з славай жывых.
І поўнач праходзіць. За шыбамі вецер...
За сына дзесь моліцца матка цяпер.
А я хачу сонца засеяць на свеце
і ворагам кінуць у вочы з-пад сэрца
апырсканы кроўю гарачаю верш.
Вось раніца цixa лягла на падлогу...
У дальні паход свае песні бяру.
Іх трэба рассеяць вясной па разлогах.
I заўтра на струнах, на новых дарогах
прыдзецца яшчэ апяваць Беларусь.