Адказ

Яшчэ не ацэнена

Я не магу вас песняй цешыць
з абмытых бурамі эстрад,
хоць меў-бы пенсію штомесяц
і спакайней-бы жыў я шмат.

І менш-бы, пэўна, чуў дакораў
багемы п’янай дзеячоў,
і панегірык вашых хворых,
і свісту купленых дзячкоў.

А так ўжо сёння я не першы,
прышоўшы змораны дамоў,
да позняй ночы мыю вершы
ад вашых пальцаў, ад слядоў.

І на крыклівы, падкалодны,
і на азефаўскі ваш гул
на’т можа ў барацьбе няроўнай
не адказаць я не магу, -

таму што на жывое слова,
што вынес я з сялянскіх хат,
сплыла крыві цяжкая капля
у міліёны тры карат.