Варажская страла
Ці меч сасну параніў;
Як слёзы, паплыла
Смала з гаручай раны.
I водсвет быў у ёй
Балтыйскіх жоўтых дзюнаў,
Напоеных крывёй Магутнага Пяруна.
Пранесліся вякі,
I на прыморскі рынак
Прынеслі рыбакі
Дзве пацеркі бурштыну.
Іх адкупіў матрос
Аж з Добрае Надзеі
I дзеўчыне занёс,
Што клікаў я Надзеяй.
I вось перада мной
Мінулых дзён жывіца
У красуні маладой
Палае ў завушніцах.
I толькі я кляну,
Зайздросны, закаханы,
Далёкую сасну
Над морам-акіянам.