Чакаем сонца. Сцелецца туман,
плыве з палос рунеючых, па горах,
на дрот заснуўшы, на густы паркан,
і тонуць цені стражнікаў і зоры.
Павук жалезны пераплёў акно.
А мы гімн сонцу пішам на граніце.
I кожны раз, як загрыміць звяно,
па камню прабягаюць бліскавіцы.
Пакуль угледзяць — бурай веснавой
напеў наш, будзячы зару, празвоніць,
пакуль заглушаць — іншыя начой,
устаўшы, песню высекуць ў бетоне.
I хто-б з асенніх сцежак ні прышоў,
шрамы пазнае, змест іх адчытае,
і не засне!.. I будзе ноччу зноў
з-пад звенняў цэгла сыпацца сырая.