Скрыпяць перасмягшы ў утулках
Драўляныя восі,
I льецца пясок
Паміж рэдкімі пальцамі спіц;
На ўсход і на захад,
Да цёмнага лесу граніц,
Лугоў муражных
Дагараюць на сонцы пакосы.
Далей, быццам стада валоў,
На папары каменне і грушы,
Як жнеі зялёныя,
Хіляцца нізка ў дабры
I тонуць асверы, перэплаты,
Рогі апушын
За пылам дарожным,
За шэрым пакатам гары.
А ў даль, з-пад калёс гаваркіх,
Разаслаўся гасцінец,
Паплыў па узгорках
З прытокамі польных дарог,
З прытокамі сцежак,
Ды тропаў глухіх і нізінных,
Пралёгшых праз папараць, верас,
Праз чартапалох.
Адны з гэтых сцежак
Нясуць пах жытнёвага поля
I рэха забытых напеваў
З іх усхваляванай тугой,
Знаёмую свежасць,
Блакіт надазёрных аколіц,
І шум таямнічы
Наднёманскай пушчы глухой;
Другія — нясуць успаміны дзяцінства
Сустрэчаў
I подых вільготных іржышч,
Вераснёвых начэй,
Калі адклікаецца толькі
На шэлест атавы надрэчнай,
Калышачы крыллямі зоры,
Паўночнае стада гусей.
I ўсё гэта бурымі хвалямі
Спаленай гліны,
Падзолу, пяску
Уцякае з-пад драгкіх калёс.
I рэхам трывожным
Сухія звіняць каляіны,
I нізка, ад хмараў асеўшых,
Звісае бярозаў галлё...
Дарога, дарога!
Чым заваражыла мяне ты:
Вятрамі, начлегамі,
Песняй ці далечынёй,
Што я без тугі пакідаў
I абжыты палетак,
I клёкат бусліны
Па-над саламянай страхой?
I нават сягоння,
Калі ўсяму ведаю вартасць:
Сустрэчам і дружбе,
Спагадзе і фарбам вясны, —
Я золатам лічаных дзён сваіх
Шчодра і ўпарта
Плачу за дарожныя
I мімалётныя сны.
Нібыта, мне суджана лёсам,
На нейкім крутым перавале,
Дайшоўшы да мэты,
Застацца слупом верставым,
У якога другія бадзягі
Заўсёды дарогу пыталі-б
I каля якога ўздымаўся-б
Начлежнага вогнішча дым.