Добра было-б, каб хто іншы пачаў
Гэты напеў, бо і так па начам
Клічуць мяне ля расстайных дарог
Сосны, якіх я ад куль не збярог,
Нівы, якіх ад ліхіх навальніц
He удалося грудзямі закрыць,
Зоры, якіх ад пажару вайны
У час я далонямі не засланіў,
Попел радзімы і цені братоў
З-пад незаросшых магіл-курганоў.
Толькі сягоння спраў кожнаму шмат:
Коласу — вырасціць жменю зярнят,
Сонцу — стаптаныя травы падняць,
Ветру — акопы пяском зараўняць,
Хмары — дажджамі зямлю напаінь,
З выраю птушцы — гняздо сваё звіць.
Мне-ж трэба занава ўсё пачынаць,
Усё: ад сасновага зруба, звяна
Аж да вясельных шырокіх сталоў,
Аж да пахмельных цымбал і смыкоў.
He ўпершыню так прыходзіцца мне.
Толькі я верны прыкмеце старой:
Каб не звяліся снапы у гумне,
Пчолы — ў вуллі, госці — ў хаце маёй, —
На папялішчах, вышэй як былі,
Сцены ўздымаю і шыру вуглы.
На талаку я суседзяў пазваў.
Шмат не прышло іх. Відаць не змаглі
Ўстаць з-пад стэповых апаленых траў
Або вярнуцца з карпатскіх далін.
Будзе цяжэй нам без іх пачынаць
Працу і свята, і тост падымаць...
Можа яшчэ хто з іх прыдзе дамоў,
Каб паглядзець на прасторы палёў,
Каб паглядзець на багаты ўмалот,
Каб паглядзець на нарогі плугоў,
Каб запытаць у сваіх, у сірот
Як прыгарнуў, прытуліў іх народ.
Можа яшчэ хто з іх прыдзе дамоў...
Пэўна што прыдзе... За кожным сталом
Mecцa пакінем для нашых сяброў,
Чарку пакінем з кіпучым віном,
Песню любімую і уначы,
Каб не зблудзілі дамоў ідучы,
Вокны у хатах азорым святлом.