Два лісты

Яшчэ не ацэнена

1

«Прывет табе, усходні вецер!
Адкуль бы ты, мой брат, ні быў —
З высокіх гор, марскіх глыбінь —
Я рад заўжды з табой сустрэцца
I расчыніць сваю душу,
Як расчыняюць людзі вокны,
Каб твой жывы вясняны шум
У песні век маёй не моўкнуў.
Цябе я знаў з юнацкіх год,
Цябе любіў, і ты, як брату,
Памог сустрэць вясны прыход,
Памог скрышыць няволі краты.
Калі ж варожыя палкі
Прыйшлі таптаць маю радзіму, —
Іх ахінуў ты ў саван дыму
I кінуў мёртвыя пяскі
На іх бясслаўныя магілы.
Ты партызанам памагаў
Паліць кастры і рассцілаў
Іх полымя па небасхіле.
Ты ажыўляў палі, лугі,
Ты асушаў слязу пакуты,
Ты нашы калыхаў сцягі
Пад пераможны гром салютаў.
I на свабодны голас твой,
Нібы на кліч вясны жаданай,
Грымяць, абнятыя зарой,
Вяршыні Татраў і Балканы.
Вітай жа ўсіх маіх братоў
I ўдаль ляці па белым свеце!
Прывет табе, усходні вецер!
Шчаслівых сонечных шляхоў!»

2

«А што табе ў маім пасланні,
Заходні вецер, перадаць?
Праклёны, што яшчэ звіняць
На папялішчах здратаваных,
Праклёны мёртвых і жывых,
Апаленых, зламаных сосен,
Якім у грозны час прыйшлося
Сустрэць навалу хмар тваіх.
Цябе я знаў нямала год
Па тых завеях-непагодах,
Што замяталі шлях народа,
Гасілі сонечны усход.
Ты песню звонкую маю
Глушыў, але яна — жывая,
I з ёй на варце я стаю
Свяшчэнных меж — граніцаў краю.
I калі посвіст крыл тваіх
Я зноў пачую, — песня ўздыме
Кіпучы вал з глыбінь марскіх
I на сустрэчу ў наступ рыне».
I вось паслаў я два лісты,
Усходні вецер майго краю
Калыша спелыя жыты.
Адказу з захаду чакаю.
Чакаю, бо мне трэба знаць,
Пакуль у сэрцы поўна жару,
Ці з песні кулю адліваць,
Ці для вяселля — згоды чару.