Джульета

Яшчэ не ацэнена

Тэатр быў зроблены ў стадоле,
Што уцалела ад вайны.
Дзьмуў сівер з шчылінаў сцяны,
Дождж капаў з недакрытай столі.

Ды не зважаў ніхто на гэта,
Заслухаўшыся ў словаў гук,
Загледзеўшыся, як Джульета
Канала ад смяротных мук.

I плакалі яе сяброўкі,
Якія разам з ёй раслі,
I партызанілі, і столькі
Ў жыцці дарог цяжкіх прайшлі.

Калі ж заслона зноў апала
I ў зале ўспыхнула святло,
Ізноў ім радасна было,
Што смерць Джульету мінавала.