Ёлка

Яшчэ не ацэнена

На Новы год пасвяткаваць
У горад завітала ёлка.
Няцяжка мне было пазнаць
Зямлячку па яе іголках.
Па свежай зелені густой,
Па ўсім уборы саматканым.
Я быў сустрэчаю такой
Да глыбіні усхваляваны.
Я прывітаў яе хутчэй,
За што была яна, вядома,
Удзячна мне, і весялей
Мы разам пабрылі дадому.
I вось прыбраная стаіць
Яна ў пакоі і гаворыць
Пра дальнія лясы, гаі,
Знаёмыя палі, азёры;
Пра тое, як зара гарыць,
Як серабрыста ззяе іней,
Як замялі ў палях вятры
Шляхі да бацькаўскай хаціны...
Я доўга з ёю гаварыў,
Як госцю, частаваў багата,
Агні і зоры запаліў
На цёмных лапках расахатых.
А сам, калі усё кругом
Сном навагоднім, моцным спала,
Наведаць свой бацькоўскі дом
Ад'ехаў з бліжняга вакзала.
I вось дзівуюцца сябры:
Хто выклікаў мяне прыехаць
На сцежкі даўнія ў бары,
Пад хвоі родныя і стрэхі?