Мне круг апошні пекла паказалі,
Але і сам-бы я знайшоў яго
Па тым, як неба і зямля палалі,
Па тым, як дыхаў мне у твар агонь.
Па тым, як дрэвы корчыліся ў муках
Ад цішыні развалінаў нямых,
Як з-пад зямлі, вітаючы жывых,
Браты мае працягівалі рукі.
Чаго ішоў я ў гэта царства смерці,
Калі яшчэ вярнуцца думаў жыць?
Мо' дзецям жвіру з могілак прынесці?
I так на сэрцы шмат яго ляжыць.
Мо' спадзяваўся цені дарагія
Мне падуладным словам ажывіць?
Дарэмна ўсё! I скарга Ерэміі
He ў сілах прах сцюдзёны ўваскрасіць.
Я мусіў быць тут, дзе мільёны палі,
Каб праз пустынь гаручыя пяскі,
Каб праз забыўчывую памяць у вякі
Прынесці з іх імёнамі скрыжалі,
Скрыжалі, на якіх палае іх завет:
«Прахожы, брат, не плач, не трэба слёз нам.
Лепш жменю попелу вазьмі з сабой у свет,
Рассей яго, як сейбіт, па барознах.
Ён дасць на нівах каласісты плён
Тым, хто ізноў узняў з усходу сонца
I на вякі пракляццем ляжа ён
На твары катаў, на зямлю забойцаў!»