Гравюры Скарыны!
Ён выразаў іх
На спаконвечным
Дрэве гісторыі
Свайго народа,
Хоць мог бы падабраць
I больш падатлівы,
I больш удзячны
Матэрыял.
I выразаў ён іх
Не штыхелем-разцом,
А промнем сонца,
Промнем сваёй веры
I любові да народа.
Таму штрых кожны
Быў такі глыбокі,
Што ні агонь,
Ні забыцьцё,
Ні ворагі,
Ні час
Гравюраў гэтых
Зьнішчыць
Не змаглі.
I сёньня
Нейкая чароўная
Жыве ў іх сіла,
Якая сьляпым
Вяртае зрок,
Глухім – іх слых,
Няпомнячым – іх памяць,
А без'языкім – мову.