Ha захад —
варта векавых асін.
На ўсход — далёкі лятуценняў шлях.
На поўнач, на поўдня,
у далячынь
Раскінулася польская зямля.
Дзяўбуць яе сапёрскія ламы —
Аж іскры з-пад лапат і з-пад штыкоў.
I крыўдзімся на гэту глебу мы,
Хаваючы сваіх таварышоў.
Здаецца, непрытульная яна
I мулка будзе тут адпачываць
Байцам, якім больш трох гадоў вайна
He дазваляла вочы замыкаць.
Здаецца, і пясок тут шмат цяжэй,
Як на радзіме,
Над Беразіной,
I неба на змярканні сцюдзяней,
Як над далёкай хатаю сваёй.
Ды толькі рана,
на світанні, мы,
Узбіраючыся на круты Безкід,
Убачылі на саване зімы
Зялёныя
хваёвыя
вянкі.
Хто на перадавую іх прынёс?
Хто іх рукамі беражна звязаў,
Сястра, ці мо паранены Хрыстос,
Сышоўшы з прыдарожнага крыжа?
Хто-б там ні быў...
Мы ведалі адно:
На брацкай, на сваёй зямлі байцы
Ляглі спачыць
цяжкім
салдацкім сном,
А мы наперад можам зноў icцi.
Яны чакаць нас будуць ноч і дзень,
Каб на шляху зваротным стаць у строй,
Пад сцягам,
што да славы нас вядзе,
У свой край вярнуцца песняй баявой.
Вярнуцца песняй у далёкі дом,
Слязой гарачай — да вясняных вод,
Вярнуцца сонцам і яго святлом
Заззяць у сэрцы матак і сірот.