Каб мары-сны, як ліст сатлеўшы,
не змыла бурных дзён рака,
я ў непакорных рыфмах вершаў
іх працавіта замыкаў.
Але праз дзень усе, як брага,
перабрадзіўшая ў віне,
не уталялі вечнай прагі
і больш не цешылі мяне.
Хіба таму і нам, паэтам,
пражыўшым век, апошні дзень
здаецца днём тварэння света,
тае зямлі і неба, дзе
ты не паспеў імя даць лепшай
краіне казачнай сваёй
і на'т усім шматлікім вершам,
што размінуліся з табой.