Калі няма на свеце маёй мовы...

Сярэдняя: 4.7 (45 галасоў)

Калі няма на свеце маёй мовы,
Майго народа і мяне самога, –
Дык для каго будуеце, панове,
Канцлагеры, катоўні і астрогі?

Супроць каго рыхтуеце расправы
І шыбеніцы ўзносіце пад хмары,
Штодня арганізуеце аблавы
І ўсіх мабілізуеце жандараў?

Супроць каго рыхтуеце вы змовы
З прадажнымі і юдамі і богам, –
Калі няма на свеце маёй мовы,
Майго народа і мяне самога!