Казка пра Музыку

Яшчэ не ацэнена

Частка першая

За борам цёмным,
Вялікім,
Дзе, зачапіўшыся
За сасновы грэбень,
Калышацца сіняе неба, —
Жыў сірата Музыка.

Ня меў ён ні двара,
Ні гароду;
Толькі сярмяжку старую —
Прыкрыцца калі ў непагоду —
І жалейку жывую.

А іграў ён заўсёды
Весела.
Нават дрэва, пачуўшы яго,
Хоць-бы нізка да долу
Галіны плакучыя
Зьвесіла,

Зашуміць, засьмяецца,
Атрасаючы пыл,
Закалышацца вецер,
І заскачуць,
Як зайцы,
На полі снапы.

А што ўжо казаць пра людзей!
Калі кожная песьня яго
Сілы шмат дадавала,
Шмат будзіла у сэрцы надзей,
Беднякоў і сірот сагравала...
Вось які быў з Музыкі
Мастак-чарадзей!

Далёка,
Там, дзе сонца заходзіць,
А мо' і яшчэ далей,
Жыў цар у палацы вялікім.
Ён ня раз чуў ад розных
Бывалых людзей,
Што на сьвеце ёсьць
Гэткі Музыка.

Загадаў цар
Музыку таго прывясьці
У палац, на царскія вочы.
Прывядуць —
Усіх азалоціць,
А то — лепш і дамоў ня ісьці...

Ішлі слугі цара дзень і ноч:
І пры сонцы,
І пры месяцы высокім;
То лесам,
То полем,
То гарой,
То сухадолам глыбокім.

Аж пачулі, нешта недзе грае,
Толькі дзе і хто —
Ня відзяць,
Хоць ідуць
На дзіўны голас краем
Ужо цэлы тыдзень.

Адзін кажа:
— Можа гэта здань?
Другі:
— Мо' трава сьпявае?
Толькі трэці,
Прылажыўшы вуха,
Кажа:
— Братцы! тут зямля такая!..

Можа лепей пойдзем да ракі,
Дзе ля вадапою
Ловяць сонца рыбакі,
Ды спытаем,
Што такое?

Аж глядзяць —
Насустрач ім ідзе
Ў лапціках лазовых хлопчык
Невялікі.
Вось паслы ў яго пытаюць:
— Дзе
У вас жыве такі Музыка?

Выняў жалейку ды заграў,
Толькі зазьвінела рэха борам,
Разьвілося шумам траў,
Высыпалі песьню слухаць зоры...

Тут усе пазналі, хто прад імі.
Вось паслы і кажуць:
— Хоча цар
Адкупіць тваёй жалейкі чар
Разам зь песьнямі жывымі.

А Музыка кажа:
— Бедны мы.
Сам я голы, як калок у плоце.
Можа ваш багаты гаспадар
Камяні усе на полі азалоціць,

Але я жалейкі не прадам
Ні цару, ні вам ніколі!... —
І пайшоў Музыка ўдаль,
У сінеючае поле.

Частка другая

Доўга думалі паслы
Над сваёй бядой-няшчасьцем,
Парашылі, што жалейку
Трэба ім украсьці.

Скураной дарожнай торбай
Зь іх патрос адзін:
З торбы выляцела птушка,
Паднялася ў сінь.

А другі на мокры дзёран
Зь сьвіткі рукава
Вытрас цень кудлаты, чорны, —
Ні воўк, ні сава, —

Аж, здаецца, пацямнела
Неба, зелень траў...
Трэці — гадзіну
З-за пазухі дастаў.

Вось адзін пасол гаворыць
Птушцы: — Ты ляці,
Дзе лускою серабрыстай
Нёман зіхаціць,

Дзе купаецца зялёны
Вецер у траве...
Там, здаецца, і Музыка
Ў тым краю жыве.

Ценю кажа: — Пойдзеш полем,
Згасіш ясны дзень
І зблытаеш сьцежкі зораў
Зь сьцежкамі людзей.

Кажа гадзіне: — Як толькі
Край задрэмле ўвесь,
Да Музыкі па жалейку
Ціха папаўзеш...

Над ракою зьвісла жыта
І клён малады.
Сьпіць Музыка пад ракітай,
Ня чуе бяды,

Што лягла нямая ціша
На палі, лугі,
Што над ім снуе начніца
Чорныя кругі;

Што апала ноч глухая
І па дзеразе
Да яго на скат пясчаны
Гадзіна паўзе.

Сьніцца сон яму, што быццам
Ружавее даль,
І пяе, і залаціцца
Ў Нёмане вада.

Бачыць дзіва: у палацы
Нейкі цар сядзіць,
Сьмяючыся, на Музыку
Весела глядзіць.

Хлебануў з каўша ён мёду,
Выцер бараду
І зайграў ды на жалейцы:
— Ці-ра-ра, ду-ду!..

Скочыў да цара Музыка...
Зьнік раптоўна сон.
Толькі шолах мокрай вікі
Ды калосься звон.

І ў траве шум чуе нейкі,
Там, дзе яру скат...
І... за пазухай жалейкі
Не знайшла рука...

Частка трэцяя

На курган рагамі вострымі
Апёрся ясны месяц.
Ідзе дарогаю Музыка,
Галаву на грудзі зьвесіў.

Ўсіх пытаўся, можа бачыў,
Можа чуў хто пра зладзеяў?
Але вечарам апошнім
Навет вецер спаў, ня веяў;

Камары ў густых чаротах
Не снавалі ў змроку сільля,
Нават слонка позьнім лётам
Не абмыла сваіх крыльляў.

Толькі, сьвечку запаліўшы,
Сьветлячок адзін, на дзіва,
Бачыў, з папараці нешта
Як паўзло па сонных нівах...

Яшчэ нешта бачыў вожык,
Але што? — і сам ня ведаў...
Распытаўся іх Музыка
І пайшоў на захад сьледам.

Доўга ён ішоў...
Аж бачыць:
Баразной ідзе Араты
І зь сяўні шырокай сее
Жменяй чорныя зярняты.

Зацікавіўся Музыка
І Аратага пытае:
— Што ты робіш гэта, дзядзька?
— Потам ніву засяваю...

Ды пытаецца ў Музыкі,
Скуль ідзе, зь якога краю.
На дарогу даў у торбу
Хлеба чорнага акраец.

Цэлы дзень ідзе Музыка,
Ізноў дзіва спатыкае.
Волат горы крышыць, ломіць
І з далінамі раўняе.

Прывітаўся зь ім Музыка,
Пра няшчасьце сваё кажа...
А на гэта хлапцу Волат:
— Я пайду з табою разам.

Пазаву Асілка, брата, —
На другім канцы разоры
Ён сядзіць і днём і ноччу,
Ўе пяньковыя аборы,

Каб разьвесіць свае сільлі
І за лета, і за восень
Зьнішчыць птушак пералётных,
Што пустуюць нам калосьсе.

А ён хай пакліча Вяля,
Што стаіць каля папару,
Разганяе дратаванай
Пугай статак цёмных хмараў...

У запас набралі лапцяў
І крануліся пад вечар
У далёкую дарогу,
Торбы ўськінуўшы на плечы.

Падыйшлі да сіня-мора.
Мора дрэмле, серабрыцца.
Толькі аднаму Музыку
Ноччу месячнай ня сьпіцца.

Чуе, на шляху паднебным
Гусі дзікія гавораць
Пра цудоўную жалейку,
Пра бяду яго і гора.

Што на родных яго нівах
І над Нёмнам яго слаўным
Ня чуваць ніякіх песьняў,
Не сьмяюцца людзі даўна...

І задумаўся Музыка...
Гусі крумкаюць-гавораць:
— За трохтысячнаю хваляй
Востраў ёсьць на сінім моры.

Цар задумаў справіць сьвята, —
Мёд па чарах паліецца,
Будуць на зачараванай
Там іграць-сьпяваць жалейцы...

— І мяне з сабой вазьмеце... —
Ды ня чулі гусі крыку.
Толькі збуджаная хваля
Пенай пырснула ў Музыку.

Частка чацьвертая

Да ўсходу сонца ўстаў Музыка.
Ў сэрцы непакой і скруха.
Хутчэй сяброў паведаміў ён
Аб тым, што ў выраі падслухаў.

Рашылі: трэба секчы сосны,
Хутчэй зьбіваць вялікі плыт
І хоць-бы леты, зімы, вёсны,
А на далёкі востраў плыць!

Шуміць бор цёмны, уздыхае;
Кіпіць работа, звон ударыў.
Гатова мачта смаляная,
На ёй з кашулі белы парус.

І толькі збуджанае сонца
Праменьні кінула над логам, —
Плыт ціха па гладкой затоцы
Крануўся ў дальнюю дарогу.

Вяслуюць, толькі толку мала:
Прачнуўся раньні вецер шэры,
Насустрач гоніць вал за валам
І зноў варочае на бераг.

— За цяжак плыт, — Асілак кажа —
Хай едзе Вяль адзін з Музыкам,
Каб не зьмяла іх бура часам,
Няхай сябе прывяжуць лыкам.

А сам пайшоў на бераг з братам,
Дзе леглі на пясчаны ўзгорак
І проста ў твар вятроў кудлатых
Дзьмуць пачалі на сіня-мора.

І мора грозна застагнала,
І мора грозна загрымела,
Як горы, ўсьпененыя хвалі
Панесьлі плыт на грывах белых...

Мінаюць дні, то ў моры тонуць,
То зьзяюць зноў агнём зары.
Глядзіць Музыка зь Вялем ў тоні
І на каралы, і на рыб;

На груду пэрлаў і каменьня,
На вадаростаў сьвет багаты
І на затопленыя лодкі
Купцоў, ваякаў і піратаў.

Над галавой, пад аблакамі,
Арол ляціць з ахрыплым клічам:
Мо' ён спрачаецца зь вятрамі,
Ці ўбачыў сьвежую здабычу?

Ды адлятае без абеду
За вадзяныя горы-хвалі.
І толькі доўга яго сьледам
Глядзяць сябры — Музыка зь Вялем...

Гаворыць Вяль: — Здаецца, востраў
Відаць, а можа гэта сон?
Сьцяной залочанай і вострай
Абнесены з усіх старон.

Калі наблізіліся, бачаць:
Зусім нязнаны край зямлі;
Куды ні глянь — дамы, палацы,
А ў порце — мачты, караблі.

Шуміць натоўп, шуміць, сьмяецца;
Па цэлым беразе пакатым
Вясельле хмельнае ліецца, —
Відаць, што цар спраўляе сьвята.

Сядзіць сам высака на троне,
Сем чалавек трымаюць бруха,
Ў брыльлянтах, янтарах карона
Цяжкая зьехала на вуха.

А слугі сьпераду і ззаду
Кругом стаяць на пагатове,
Каб выпаўняць цара загады.
На белых на сталох дубовых

Нямала мёду, рыбы сьвежай,
Хлябоў, зьвяроў і птушак дзікіх
З глыбінь Палесься, зь Белавежы...
Аж не надзівіцца Музыка!...

Гаворыць цар: — Пара сягоньня
Гасьцей маіх павесяліць... —
І вось з паклонамі да трону
Падходзяць царскія паслы.

— Зайграем, — кажуць яны, — тое,
Што самі гукі запяюць... —
Аж анямеў Музыка з болю,
Жалейку ўбачыўшы сваю...

На цэлым беразе ўсё змоўкла;
Застыла — цішыня нямая.
Ды ня чуваць чароўных тонаў...
Маўчыць жалейка, ня іграе.

Цар узлаваўся: — Вось дык штуку
Прынесьлі мне з чужога краю!
Няўжо-ж ніхто ня збудзіць гукаў,
Ніхто на ёй не заіграе?

Маўчаць. Спусьцілі ўсе галовы.
І, калі цар другі раз клікаў,
Наперад у лапцях лазовых
Зь кійком праціснуўся Музыка.

Узяў жалейку і шчасьлівы
Абцёр крысом сярмяжным з пылу...
На ўсе лады і пералівы
Яна ў яго загаварыла:

То звонам жаваранка ў жыце,
То салаўіным сьвістам чулым,
Трывожнай кнігаўкай ў ракіце
І ў лесе шэраю зязюляй.

Пазьней зайграў, як жнеі пелі,
Як вецер шапацеў саломай,
Сівыя хвалі Нёмну пеніў
І абарваў акордам грому...

А рэха ўсё яшчэ іграла
І толькі змоўкла ў нетрах бору
Тады, калі Музыка зь Вялем
Дабеглі ўжо да сіня-мора.

Схапіўся цар: — Хутчэй вярніце,
Пагоню шлеце за пагоняй!...
Ды белай чайкаю ў блакіце,
З кашулі белы парус тоне.

Частка пятая

Гаварыў Асілак брату:
— Глянь, дзе хвалі пеніць шторм,
Ці то грывай вал дзявяты.
Ці то зломаным крылом

Птушка, тонучы, махае?
— Не, ня хвалі там іграюць.
Ня крылаты ўзмах птушыны,
Гэта парус ў моры сінім!..

Кажа зноў Асілак брату:
— Глянь на сонечны загар,
Быццам коней ляціць статак,
З шумам, навальніцай хмар.

— Эх, ня хмары і ня коні
Пеняць вадзяныя горы,
Гэта царская пагоня
Паказалася на моры!...

Стогне вецер, вые дзіка,
Круціць хвалі валам шэрым.
Ужо бачыць Вяль з Музыкам
Бор стары, знаёмы бераг.

Яшчэ вёсламі ударыць!
Плыт урэзаўся ў пясок,
Мачта хіліцца набок,
Зьвесіў крыльлі мокры парус,

Пырскі мора на ім зьзяюць...
Вяль Музыку так гаворыць:
— Мы гасьцей з-за сіня-мора
Безь цябе тут прывітаем.

Хопіць ім сталоў-курганаў;
Мёдам абнясём ліповым.
Хай даруюць, калі п'яна
З плеч пакоцяцца галовы,

Або ў скоках пад нагамі
Трэснуць панцыры іх, шлёмы...
Ты-ж ідзі далей шляхамі,
Дзе над Нёмнам вербы дрэмлюць,

Дзе шумяць прасторы жыта
Ў залатым імглістым цьвеце.
І што бачыў, раскажы ты,
Перадай ўсім на жалейцы.

Разышліся. Вяль з братамі
Ловіць мора сіні подых,
А Музыка йдзе шляхамі
На сустрэчу сонца ўсходу.

Вось ужо ў далінах тоне,
Вось хаваецца за межы,
Толькі ўсё жалейкі тоны
Разьліваюцца ў бязьмежжы,

А тым часам у затоку
Караблі ўсё прыбываюць,
І на бераг на шырокі
Цар з дружынай высядае.

Сам цар выступіў наперад,
Кажа: — Гніцеся мне ў пояс!
Сплёў густым для вас я нерат,
Каб цягнуць да вадапою.

Лепей самі аддавайце
Мне Жалейку і Музыку,
А то з вашых плеч на лапці
Надзяру мяккога лыку.

І рагоча ўся дружына.
Вяль гаворыць: — Што хваліцца! —
Паглядзім лепш, хто ў даліне
Выстаіць ці ляжа ніцам...

— Што, няўжо на вас, на гэткіх,
Маёй сілы будзе мала? —
Ізноў разам цар і войска
І паслы зарагаталі.

А пасьля пайшлі ўсе ў наступ
Чорнай ненавіснай сілай.
Вырваў Вяль дуб каранасты,
Пояс патужыў Асілак,

Волат парасправіў плечы —
І сустрэліся з навалай.
Пачалі мясьці і секчы —
Толькі рэха застагнала.

Быццам жнівам на іржышчы —
Сноп на сноп — кладзецца сіла:
Цэлы дзень грыміць ігрышча,
Як стагі, растуць магілы.

Наступае вечар сіні,
Сонца ў хвалях мора тае,
Позна волатаў з дружынай
Разьдзяліла ноч глухая.

Цар хутчэй уцёк за мора.
Вяль прылёг каля кургана,
Каб, як заснуць толькі зоры,
Зноў дамоў вярнуцца рана.

Сьпіць зямля. Смугою ліпкай
Цёплым ценем сон ліецца,
Толькі часам ціхай скрыпкай
Заіграе вольны вецер.

Частка шостая

Ходзіць, нукае Араты,
Конь, залёгшы, цягае шчыра;
І сярэбрацца нарогі
Ад пяску сырога жвіру.

Часам сталь скрабне паліцу,
Часам іскрай пырсьне крэмень...
І хаваюцца пад дзёрнам
Пікі, панцыры і шлёмы,

Трупы царскіх слуг, ваякаў...
Колькі Вяль з братамі выбіў!
Колькі сіл варожых зьнішчыў!
— Ну, раўней лажыся ськіба!

Зааром, забарануем,
Сыпнем ядраны насевак,
І запеняцца ўраджаі,
Закалышуцца напевы...

Толькі дзень замітусіўся,
Вяль прачнуўшыся, гаворыць:
— Што за дзіва? — дзе ні глянеш —
Ськібы чорныя, разоры:

І на захад, і на поўнач
Без канца яны бяз краю;
Там, дзе бой кіпеў учора,
Навет месца не пазнаеш...

Сонца залатой пагодай
Дываны жытоў абмыла.
Сеў Музыка каля броду,
Пад бярозаю пахілай.

Думы думае маркотны:
Ці жыве дзе Вяль з братамі?
Можа хмарай пералётнай
Ці віхурамі-вятрамі

Мые косьці іх на нівах,
На прасторах, на шырокіх,
Дзе ўсе песьні — шум прыліву
І марскі салёны рокат.

Лятучы з краёў заходніх
Воран, кружачы, гаворыць:
— Ой, лягло нямала войска,
Войска царскага з-за мора...

І ў раку ён нешта кінуў.
Паглядзеў Музыка ў тоні:
Зьзяе там красою дзіўнай
Камень, выдзерты з кароны...

І вясёлкамі зазьзялі
Воды сінія, здаецца,
І зноў тоны заігралі
Ў зачарованай жалейцы

Ціхім шэпатам крынічным,
Шумам трысьнікоў зялёных,
Медным коласам пшанічным,
Васільковым звонам лёну,

Рэхам збуджаным, вясёлым,
Даўняй казкай над калыскай...
І здаецца — нівы, сёлы
Нехта гукамі апырскаў...

А кругом красуе лета,
Дрэмле вецер ў полі роўным;
Сонца сьпелаю ранэтай
Наліваецца над Нёмнам.