Казка пра музыку (З паэмы «Янук Сяліба»)

Яшчэ не ацэнена

Жыў на Палессі
музыкант Кулік.
Ніхто, як ён, на скрыпцы не іграў,
ніхто, як ён, не ўмеў павесяліць,
ды бог і чорт яго упадабаў.
Спрачаюцца, каму яго забраць.
Бог кажа:
— Мой, бо дзіўная ігра
была святлом,
што азарае дзень,
была слязой, якая гасіць гнеў,
была малітвай
за грахі людзей
і гімнам, праслаўляючым мяне...
Чорт зморшчыўся ад гутаркі такой.
— Няпраўду кажаш...
Ён зусім не твой.
Складаў ён гімны — толькі не табе,
але зярну і сейбіту, які
ўстае раней заўсёды за цябе,
і сонцу, азарыўшаму блакіт.
Я следам з году ў год
за ім хадзіў.
Маліцца ён не ўмеў і не любіў,
хоць з сэрца, быццам крэсівам, смыком
мог высекчы і слёзы і агонь.
Ён на'т здалёку абмінаў твой дом,
але ў карчме я сустракаў яго.
Дзе хто жаніўся
або паміраў,
дзе хрэсбіны хто на сяле спраўляў, —
там з мужыкамі ён гарэлку піў,
нас лаяў,
ды іграў ім «Крыжачка»,
аж лапці хмарай уздымалі пыл.
Нашто табе гуляка-музыкант?
Ды і яму ў цябе дакучыць жыць.
Хоць раз старому чорту удружы:
аддай Музыку,
бо якраз няма
каму іграць у ноч пад новы год
ці на купалле,
калі ведзьмаў шмат
злятаецца заводзіць карагод. —
Пачухаў бог патыліцу:
— Тады
няхай сам вырашыць ісці куды:
ці ў тваё пекла,
цi ў мой райскі сад,
ці для цябе, ці для мяне іграць.
Напэўна-ж не захочацца назад
ісці на бацькаўшчыну гараваць. —
Блішчыць у небе месяца нарог.
Стаіць Музыка паміж двух дарог:
адна — у пекла,
а другая — ў рай.
Рашаецца: куды яму ісці?
Але ён тут успомніў родны край
і што не ў кожнай хаце адгасціў,
і не на ўсіх хрысцінах пабываў,
і не на ўсіх вяселлях адыграў,
і не з усіх яшчэ ён чарак піў...
Зноў захацелася яму дамоў.
Паправіў лапці, струны патужыў
і на Палессе,
граючы,
пайшоў.
— Гэй, пачакай! — яму крычалі ўслед
і чорт слалоханы і бог, але
ужо далёка быў Музыка наш.
Каб зноў яго вярнуць — паслалі смерць.
I вось, як цень, за ім брыдзе яна,
пільнуючы, ці скора ўжо канец
вяселлям, хрэсбінам. I кожны раз
пытаецца ў карчме:
– А не пара
табе на неба?
— He, вось паглядзі:
яшчэ не бачу ў хмельнай чарцы дна.
I, пэўна, век Музыка будзе жыць
сябрам на радасць і на славу нам.