Пад шэрую восень, пад верасень месяц, задумаў жаніцца Мядзведзь ў цёмным лесе. I кажа сватам: — Мне шукайце пасагу; зіму зімаваць — трэба мёду і брагі. A у мяне ні каня, ні гароду; падушка — і тая з альховай калоды. За лета снапа мне нажаць не прышлося, — то пчол даглядаў, то гнуў дугі, палоззе. Няхай сабе будзе няважная жонка, — каб толькі я выжыў зіму пад сасонкай... — Хадзілі сваты ад Мядзведзя па лесе — ўсё дзеўкі шукалі праз верасень месяц. Хадзілі яны ў Белавеж да Зубрышкі, да Зайцавых дзевак, былі і ў Казлішкі. Там ветліва важных гасцей прынімалі, крынічнай вадой, мурагом частавалі; стараліся ўсе ім у пояс хіліцца — сваты былі важныя — Воўк ды Лісіца! Калі што не так, дык патрапілі-б самі пагладзіць, дзе трэба, памацаць зубамі... Эх, важныя дзеўкі, былі-б гаспадыні, каб мелі каўбасаў, курэй, саланіны. Нашто і шукаць-бы што недзе другое, — было-б для Мядзведзя жыццё залатое. А то у Зайчышкі пасаг — руні жыта, зімой — зледзянеўшая ў полі ракіта! У Казлішкі зялёны дзядзеўнік ў імшарах, падушкі з пуховак, асоту гушчары. A у Зубрышкі па ўсёй Белавежы не злічыш стагоў непачатых і свежых... Ды што з іх сватам і Мядзведзю сівому, — язык намазоліш, нагоніш аскому. Пачулі сваты — ёсць пад Нараччу дзеўка: у лесе сасновым паджарая Белка, такая вясёлая, з песнямі, з смехам, збірае з ляшчэўніку толькі арэхі. Насыпала поўныя куфры, як лёду, раскусіш — як сонца, зярняты — як з мёду. Сказалі Мядзведзю: — Ёсць дзеўка з пасагам!.. — Прыбраўся Кудлаты у боты, ў сярмягу; кашулю уздзеў, што злупіў у Міколы, як той бараніў ад яго калісь пчолы; пояс ліповы і кій сукаваты, — выбраўся з світай Мядзведзь наш у сваты... Такое вяселле магло толькі хіба быць там, дзе ёсць Нарач, бор цёмны ды рыба. Ігралі ў цымбалы шаршні і асвянкі, ігралі дзень цэлы да самай заранкі; а ў цёмным ягодніку з Цецерукамі ў тахт Дзятлы у бубны лупілі насамі, і з вёскі далёкай, дзе жытнія гоні, Пятух памагаў на чырвонай гармоні. «Лявоніху» ёмка скакала Лісіца, — як ветрам, як жоўтым, шумела спадніца. Аж вышаў Мядзведзь, топнуў левай ды правай, пайшоў прысядаць — замігцелі рукавы. Скакаць-бы ён мог так дзён пяць ці мо' дзесяць — адно толькі боты стапталіся ў лесе; ды на'т і ў мяне там знасіліся лапці... На трэцюю ноч пачалі раз'язджацца. Памалу прайшоў ціхі верасень месяц. Ляжыць, пажывае Мядзведзь ў цёмным лесе, дзе глуш, ды сасновае шумнае рэха, а Белачка носіць ваду і арэхі. Насыпле Мядзведзь іх у ступу, як лёду, а зверху бабухне дубовай калодай! Наесца і спіць у сваім у палацы, — на'т слухаць не хоча, хто кажа аб працы. Пражыў генералам нямала так часу, пакуль нехапіла у Белкі прыпасаў. Ляжыць і раве ён, ледзь бор не аглохне: — Ой, мусіць, я хутка не выжыву, здохну! — Лячыла Мядзведзя Варона-Шаптуха і Дзяцел пастуківаў трубкай у вуха, і банкі на пяты стаўляла Сарока, кампрэсы яму прыкладала пад бокам... Ды што ні рабілі — ўсё не памагала. Шмат вылізаў лекаў — гусіны і сала... Ды што тыя лекі, калі наш Кудлаты з'еў двух дактароў з Белавежы лычатых... Хадзіў тады блізка Цыган хітры недзе, Пачуў пра цяжкую хваробу Мядзведзя і кажа: — Ты, бацю, не слухай нікога, Цыган табе зелля парадзіць другога. Відаць, ты не можаш ні сесці, ні легчы, не можаш, мой баценька, мала ты есці! — Дзе ў лесе дарога a з боку паляна, лячыў Цыган брагай-сівухай да рана; яшчэ паіў зеллем салодкім, як мёдам, спаіўшы, Мядзведзя прыкуў да калоды, а после усыпаў бярозавай кашы, павёў яго цешыць людзей па кірмашах. Перш доўга Мядзведзь касурыўся ды охаў, а после зрабіўся такім скамарохам! Дзе толькі ні прыдзе пад хаты крывыя — злятаюцца дзеці, дзяўчаты, старыя, прыносяць салодкага мёду, арэхаў, — а ён дявядзе аж да слёз і да смеху. Смяюцца і дзеці, і куры, і коні, як ён у шарахаўкі звонкія звоніць; смяюцца асверы, і стрэхі, і хаты, як пойдзе скакаць пад цымбалы Кудлаты. Здаецца, няпраўда, што людзі гавораць, што быў ён жанаты, што быў калісь хворым... А Белачка там, дзе ёсць пушча густая, ў сасновыя куфры арэхі збірае і добра хавае, каб часам мядзведзі іх не знайшлі і вясковыя дзеці, , і чорнымі зорка пільнуе вачыма, і лускае іх у сцюдзёныя зімы. А там, за сасновым за лесам, за борам, ах, золатам сінім іграюць азёры! А глянеш навокал — такая краіна: дзе ступіш — то рэха, то казка, быліна... Ёсць праўда і сумных нямала, без ліку, але мы іх лепей пакінем вялікім. А вам, мае братцы, з вачыма, як золак, аддам усе дзівы тых казак вясёлых.