Працаваў буланы Конь
У гаспадара,
З году ў год вазы вазіў
І зямлю араў.
А калі ён пастарэў
Ды нядужым стаў,
Гаспадар яго з двара
Праганяць пачаў.
Уздыхнуў і кажа Конь:
— Ці-ж, за шмат гадоў,
Я ў цябе не зарабіў
Чатырох падкоў? —
Гаспадар жалеза ўзяў,
Падкаваў Каня.
І пайшоў буланы ў даль
На сустрэчу дня.
Ён ідзе, мурог скубе,
Ліст духмяны з дрэў.
Раптам бачыць: перад ім
Сам магутны Леў.
— Што-ж не кланяешся мне? —
Грозна Леў спытаў.
— Ах, даруй мне, цар зьвяроў...
Конь так адказаў. —
Выгнаў гаспадар мяне
Ў гэты раньні час.
Я, галодны, скуб траву,
Не заўважыў вас.
— Усёроўна вінават
Ты перада мной.
Паглядзі, — гаворыць Леў, —
Што зраблю з табой. —
Глыбу з крушні ён схапіў
Ў кіпцюры свае
І так сьціснуў, што вада
Пырснула зь яе.
— Ну, вядома, ў камні ёсьць
Ад дажджоў, сьнягоў
Шмат вады, што цярушаць
Хмары на яго.
Дзіва большае было-б, —
Кажа гэтак Конь, —
Каб з гранітнай глыбы мог
Высекчы агонь! —
Кажа Леў Каню:
— Што мне значыцца дастаць
Нейкага агню! —
Спрабаваў Леў высякаць
Іскры, ды дарма,
Толькі кіпцюры ступіў,
А агню — няма.
— Ну, цяпер твая чарга! —
Кажа цар зьвяроў...
Тут у глыбу ўдарыў Конь
З чатырох падкоў.
Пад аблокі іскраў сноп
З громам паляцеў.
Аж ня знаў, як уцякаць,
Зь перапуду Леў.
Вось ляціць ён, ледзь жывы,
А настрэчу Воўк.
Той пачаў цару зьвяроў
Кланяцца здалёк.
— Перастань ты, — кажа Леў, —
Кланяцца да ног.
Я ня цар, бо Конь мяне
Сяньня перамог. —
Воўк ня верыць: — Як, скажы,
Ты паддаўся, Леў,
Бо асілкаў гэткіх я,
Пэўна, з сотню зьеў.
Толькі мне ты пакажы
Гэтага Каня. —
Ад яго на'т і касьцей
Не пакіну я.
— Не хваліся, — кажа Леў, —
І ня сьмейся лепш:
Як убачыш ты Каня,
З страху сам памрэш.
Хочаш, я табе яго
Пакажу здалёк... —
І пайшлі глядзець яны —
Леў і шэры Воўк.
Толькі лес прайшлі, тут Леў
Кажа: — Бачу я
За пагоркам, на лугу,
Гэтага Каня.
Ты ніжэйшы ростам, Воўк,
Можа ня відаць?
Дай спрабую я цябе
Ды вышэй падняць. —
І хоць асьцярожна Леў
Друга ў лапы згроб,
Але зіркачы ў таго
Вылезьлі на лоб.
— Што-ж ты дыхаць перастаў? —
Запытаўся Леў. —
Перш хваліўся, а цяпер
З страху анямеў!..
Тут Леў бразнуў аб зямлю
Шэрага Ваўка
І да логвішча свайго
Кінуўся ўцякаць.
Гэта бачыў Гаспадар.
Рад быў дужа ён,
Што ад ворагаў яго
Выратаваў Конь.
Ён буланага вярнуў
Зноў у стайню — ў дом
І ўвесь век яго карміў
Сенам ды аўсом.