Каб асвяжыць свае вусны
Днём падарожным, буднім
(Гэта было далёка
Ад бацькаўшчыны маёй),
Я пахіліўся толькі
I ў серабранай студні
Ценю свайго не ўбачыў,
Хоць сонца было нада мной,
Хоць там было ўсё адбіта,
I снежныя гор вяршыны,
I цуг аблакоў лятучых,
І тонучых у бязмеж...
Я зразумеў: мяжа тут,
А за мяжой пустыня,
А за пустыняй, недзе,
Зямлі і жыцця рубеж.
He ведаю колькі часу —
Хіба што мінулі годы —
Ішоў я па рэху дальнім
Да родных сваіх крыніц,
Якія-б змаглі і прагу
Маю уталіць заўсёды,
І цень мой з праменнем сонца
У тоні сваёй адбіць.
Ты здзіўлена, прыгажуня,
Калі я за твой напітак
Гатоў з падарожнай кайстры
Сягоння усё аддаць.
І я быў калісьці іншым,
І ў шуме любой ракіты,
Здавалася мне, напевы
Адны і тыя-ж гучаць.
Але я чуў скаргу птушак,
Якія згубілі гнёзды,
І як сумавалі песні
Без рэха сваіх бароў;
Я відзеў, як засыхалі
Зярняты ў чужых барознах,
Занесеныя віхурай
І хмарай з маіх палёў.
Таму я і слаўлю тройчы
Радзіму, крыніцы, дрэвы,
З якімі, як час настане,
Зліецца мой голас і цень,
Якія карэннем вып’юць
З грудзей маіх ўсе напевы
І шумам вяршынь абвесцяць
Другі нараджэння дзень.