Ластаўкі

Яшчэ не ацэнена

Тут жорсткі бой нядаўна быў.
Стаіць счарнелая вярба,
і вадасточная труба, ,
ў якую дождж і гром трубіў,
ўсім абвяшчаючы вясну,
вісіць аглохшы, а над ёй
будуюць зноў прытулак свой
дзве ластаўкі.
I на сцяну
ужо ўзабраўся дзікі хмель,
нібы чакае, што ў акне,
як некалі, яму мільгне
рука ці кос дзявочых бель.

На вуліцы баец стаіць.
I ён угледзеўся ў акно,
нібы спадзеючыся зноў
сустрэць ля гэтых камяніц
і дзеўчыну і маладосць.
А мо', пакуль яны дамоў
з далёкіх вернуцца шляхоў,
пільнуе ластавак гняздо?