За шэрым схіленым парканам
скрыпіць пясок сырых дарог,
спадае медны ліст каштанаў
на жоўты стоптаны мурог.
Ідзеш, яго рукамі ловіш, -
злавіўшы пусціш, хай ляціць, -
зноў не шумець яму ў дуброве,
вясенніх шолахаў не піць.
І сумаваць яшчэ так рана,
калі ўдаль маніць сцежак гладзь,
калі на шум лістоў ў тумане
умееш песняй адказаць,
калі так хочацца смяяцца,
што яшчэ чуеш, бачыш ты,
як ціха сыплюцца праз пальцы
каштанаў звонкія лісты.