Гэта быў адзін з майстроў вялікіх,
Звалі яго Люцыян Таполя,
А па клічцы проста Багароб.
Гэта ён
Уздоўж Віллі і Нёмна
I па ўсіх шляхах і скрыжаваннях
Будаваў капліцы і крыжы,
Выразаў апосталаў, прарокаў,
Больш падобных да сялян смаргонскіх,
Да вілейскіх лесарубаў, рыбакоў.
Гэта ён ў батлейцы навагодняй
Пана свайго Ірадам зрабіў,
Твар і постаць прасвятой —
З дзяўчыны Тэклі,
Да якой дарэмна сватаўся калісьці,
А двух п'яніц мядзельскіх —
Сцяпана з Харытонам —
Выразаў з чачоткавай бярозы.
З дрэва моцнага,
Як дружба іх,
Выразаў у постаці анёлаў.
Доўга людзі цешыліся з цудаў,
Што зрабіў быў Люцыян Таполя,
Доўга з той батлейкі рагаталі.
Ірад меў шляхецкі ўбор і хітры
Твар лісіцы
I ў руках бізун,
Якім батожыў мужыкоў заўсёды,
А Тэкля
Маладой глядзела прыгажуняй.
Колькі цеплыні у яе рысах,
Хараства у постаці дзявочай
Паказаў ён,
Быццам Песню Песняў —
Кнігу дзіўнаю раскрыў перад вачыма,
Быццам,
творачы сваёй дзяўчыны вобраз,
Побач з ім было яе юнацтва.
Тое, што сябры яму ўдаліся –
Харытон з Сцянанам, —
Менш усіх дзівіла:
Зналіся яны ледзь не з калыскі,
Разам па Віллі плыты сплаўлялі,
Разам мора выпілі гарэлкі.
Слых, як звон з высокае званіцы,
Слых, як на вадзе кругі ад камня,
Слых, як вецер, аблятае светам,
Даляцеў да горада да Вільні,
Да палаца біскупа Сямашкі.
Аглядаў той дзіўнае тварэнне,
Хмурыў бровы.
Што святы айцец благое ўбачыў,
Што ўзняло яго гнеў непамерны?
Толькі загадаў ён
Самаму Таполю знішчыць твор свой
I, пад страхам пекла і пракляцця,
Цэлых дзесяць год адбыць пакуты
I не брацца за сваё майстэрства.
Горка стала на душы Таполі.
Кажуць людзі,
што пакляўся ён
Двум не дараваць грахоў прад смерцю:
Біскупу Сямашку
I яшчэ яловаму суку,
Што век шкодзіў,
Псуў яго майстэрства.
Дзесяць год!
За гэты тэрмін дрэва
Дзесяць раз убор зялёны зменіць,
Дзесяць пакаленняў салаўіных
Выкалыша на сваіх галінах,
Дзесяць залатых кругоў адложыць,
Як пярсцёнкаў, каля сарцавіны.
Што тады казаць пра чалавека!
За год дзесяць Люцыян Таполя
Шмат пабачыў і бяды і гора,
Зведаў шмат зямель ён, пра якія
Нат і ў сне не снілася яму.
I мо ад тугі па родным краю,
Па майстэрству даўнім, на якое
Налажыў сваё Сямашка вета,
Пасівеў ён і да непазнання
Так змяніўся,
Што сябры і тыя
Пры сустрэчы моўчкі абміналі,
Што сам біскуп,
Не пазнаўшы ў майстры
Грэшніка даўнейшага, даверыў
Будаваць сваю святыню.
Прамінулі вёсны,
Леты,
Зімы.
На узгорку,
Між лясоў прадвечных,
Дзе растуць дубы,
Якія помняць
I часы Пяруна з Светавідам,
I зуброў даўно заглохлы тупат,
Пачала будыніна ўздымацца.
З долу муляры ўзвадзілі сцены,
Клалі камень, падганялі цэглу,
А канчаў усё на рыштаванні
Сам Таполя.
Пад яго рукамі,
Бы ад нейкіх чараў,
Ажывала нават нежывое,
Немагчымае рабілася магчымым:
Гнуўся камень,
А з звычайнай цэглы,
Быццам з бронзы,
Паўставалі здані,
Рознае страхоцце,
Розныя звяры з людскім абліччам.
Днём і ноччу Люцыян Таполя
Не зыходзіў з рыштавання.
Дума неспакойная жыла у майстра:
Ён хацеў пакінуць пакаленням
След жыцця свайго,
Сваіх пакут,
Сказ пра мары,
Пра свае імкненні...
Вось каля вітражаў,
На абсыдах
Нейкія расселіся хімеры.
Гэта – тыя, што хацелі знішчыць,
Пагасіць святло ў ягоным сэрцы.
З іх адны падобны да магнатаў,
Да сабак – да панскіх цівуноў,
А другія – да дзяцей Лайолы –
Хітрых езуітаў,
Да айца Сямашкі.
Колькі іх!
I ўсе яны з рагамі,
З зяпамі пачвар,
З хвастамі гадаў
Лезуць па званіцы і па вежы,
Падаюць і зноў клыкі ўбіваюць
У каменне,
I паўзуць угору
Па душу, па думку чалавека,
Што, як сонца, слепіць вочы ім.
Толькі не спыніць палёту думы
I век розуму не пагасіць ім —
Чорным сілам пекла.
З кожнай цаллю ўсё гладзейшы камень,
Строма вежа цягнецца ўгару
I пад самым небам,
Быццам промень ясны,
Пераможная ўзнялася над усім.
Калі кончыў Люцыян Таполя
Твор свой дзіўны,
Ў дзень святога Роха
Шмат людзей сышлося падзівіцца,
Паглядзець на новую святыню.
Біскуп сам служыць прыехаў месу.
Але толькі прагрымеў "Тэ дэум",
Толькі вочы ён узняў угору,
На званіцу,
Як пачаў жагнацца,
Ўбачыўшы пякельны карагод.
Кінуўся зганяць пачвар, ды толькі
Не баяцца гэтыя хімеры
Ні вады свянцонай, ні крыжа.
А калі пазнаў у іх сваё аблічча
I сваіх канонікаў і подпіс
Прачытаў на камні: "Люцыян Таполя", –
Быццам гром ударыў у Сямашку.
Слугі вывелі яго пад рукі,
Ледзь жывога у палац завезлі.
Дзесяць дзён хварэў Сямашка біскуп
I крычаў, каб прывялі Таполю.
На дзесяты дзень памёр світаннем.
А Таполі след згубіўся недзе.
Колькі год яго шукалі ўсюды
Стражнікі,
Манахі,
Езуіты.
Толькі дзе прачуюць, што з'явіўся
Надзвычайны ўзор яго майстэрства:
Скрыпка, новы вытканы узор,
Вобраз дзіўны,
Песня ці батлейка,
Цацкі з дрэва, з гліны ці паліва
(Бо на ўсё Таполя майстрам быў), –
Налятуць пякельнай чорнай зграяй.
Ды ніяк злавіць ім не ўдалося майстра.
Жыў Таполя
I вучыў людзей майстэрству,
Можа, сто, а можа болей год.
Бо ў народзе,
Як ў прадвечным лесе,
Дзе ты знойдзеш дрэва, ад якога
Шум вясны пачаўся?
Дзе ты знойдзеш!