Мухамор

Яшчэ не ацэнена

Баб'iм летам да зары
У зялёным гушчары,
Дзе мох сцелецца рабы,
Паспрачалiся грыбы.

На ўвесь лес, зялёны бор,
Расхвалiўся Мухамор,
Што пад шапкай - маку цвет
Ён дзяцюк на цэлы свет.

Боты, гузiкi гараць,
Яму дзеўкі не дабраць
Ў цэлым лесе пад сасной
Нi багаццем, нi красой.

Мог-бы смела быць паслом
Або нават i царом -
Не сядзець век у траве
Ды разумнай галаве!

- Ты хвалiцца лепей кiнь! -
Яму радзiлi Рыжкi, -
Плёткi чуючы твае,
Падасiнавiк злуе.

На чырвоны твой язык
Скасурыўся Чашчавiк.
Табе ўсыпяць пад бакi
Калi-небудзь Казлякi...

- Мне начхаць на вас, на бор! -
Горда кажа Мухамор,
Калi бiцца - паглядзiм,
Хто паставiць на сваiм!

А, залёгшы у траве,
Ўсё падслухаў Муравей,
Там, дзе мох i дзераза,
Сыраежцы расказаў.

Ды ў зялёным у бары
Гэта чулi Камары,
Яны вестку разняслi
Ўсiм Апенькам на зямлi.

А Ваўнянкам у паўднi
Раззванiлi Аваднi...
Болей, як вясной у жаб,
Было гутарак у баб.

Аж прачнуўся на той крык
Пад яленцам Баравiк,
Дзе пад мохам, як парсюк,
Спаў, сагнуўшыся у крук.

I пачаў ён развадзiць,
Мудра радзiць i судзiць,
Расшумеўшыся, з-пад траў,
Нават галаву падняў.

Дзе мох сцелецца рабы,
Iшлi дзецi па грыбы, -
Асцярожная рука
Падняла Баравiка.

Пайшлi ў кошык Казлякi,
Сыраежкi i Рыжкi...
I на ўвесь зялёны бор
Рагатаў наш Мухамор.

Ён паказываў, крычаў,
Дзе схавалiся мiж траў
Падасiнавiк стары,
Дзве Ваўняначкi-сястры.

Як пакiнулi ўсе лес
У вячэрнай у iмгле,
Шышкай галаву падпёр, -
Затужыў i Мухамор:

Што не весела яму
Ў цёмным лесе аднаму,
Ў цёмным лесе, у бары,
Няма з кiм пагаварыць.

Нат смяюцца у паўднi
З Мухамора Аваднi.
А зара як дагарыць,
Усё звоняць Камары

Ад сасны i да сасны,
Што ёсьць грыб - благi, дурны
Мухамор, эх Мухамор!..
Эх, сасновы цёмны бор!