Мы берагам мора ішлі.
Каб хвалі не зблыталі кос,
не змылі, як перлу з зямлі,
цябе на руках я панёс.
Шчаслівы, я чуў за сабой,
як хвалі крычалі: «Аддай!»
I, ўзняўшыся, чайкі гурбой
праводзілі ў сінюю даль.
Пасля, як пакінула ты
на ўзмор'і мяне аднаго,
не раз я прыходзіў сюды,
шукаючы следу твайго.
Ды следу нідзе не відаць,
зраўнялі ўсё хвалі. Адны,
як думы цяжкія, ляжаць
апаўшьія з круч валуны,
як думы цяжкія, якіх
і ў сэрцы нялёгка насіць
і нельга прыбоем марскім
з пясчанага берага змыць.