Мы ў свой горад прышлі
Ад Масквы і ад сцен Сталінграда.
Мы аглухшы былі
Ад нязмоўкшай яшчэ кананады
I аслепшы амаль
Ад дарожнага пылу і дыму
І ад вогненных хваль,
Ахапіўшых прасторы Радзімы, –
Каб адразу пачуць
Цішыню папялішч і руінаў
I вачмі ахінуць
Гэту каменную дамавіну.
Першы вечар апаў
Разам з намі ля вогнішч абозных,
Ды не адпачываў
З нас ніхто на крывавых барознах.
Не таму, што, як некалі, шлях
Млечны летняя ноч запаліла,
Не таму, што-зямля
Праз сталёвыя каскі паліла.
Галавешкаю ў высь
Нехта кінуў над горадам месяц.
I ў праменнях сівых
Каміноў зачарнела узлессе,
I, як гром, па-над ім
Бляха з дахаў сарваных грымела.
I клубіў чорны дым,
Быццам рой кажаноў ашалелых.
Я устаў і пайшоў
Між палатак абозных і бачыў.
Што ніводзін з байцоў
Не заснуў каля вогнішч гарачых.
Што іх спудзіла сон,
Што яны паглядаюць на захад,
Людзі з розных старон —
Масквічы, украінцы, казахі?
Пэўна, рана адна
Нам усім не давала спакою.
I мы ўсе да відна
Рыхтавалі паходную зброю.
А на грудах руін
Шумных некалі плошчаў, кварталаў
З-за уральскіх раўнін
Папасаліся коні і рзалі...
— Горад мой, горад мой! —
Я аклікнуў, і кожны твой камень
Гэтай ноччу глухой
Прагрымеў у адказ галасамі.
Асцярожна падняў
Я адбіты граніта кавалак.
Чым і дзе ён ляжаў,
На якім красаваў п'едэстале?
Мо' з фабрычнай трубы
Яго вышчарбіла навальніца,
Мо' калонаю быў
У адным ён з палацаў сталіцы?
Мо' падмуркам служыў
Або брукам на люднае плошчы,
Па якой я хадзіў
Вось у гэткія зорныя ночы?..
I хоць ведаю — дні
Тваёй славы заззяюць нанова,
I разбіты граніт
Знойдзе месца сваё ў адбудове, —
Непакояць мяне
Куль варожых сляды, нібы раны,
Што на кожнай сцяне
Засталіся крывавіць і раніць.
Бо пакуль даляцеў
Да граніта асколак гранаты,
Тут стаяла, як цэль,
Постаць маткі, сястры маёй, брата...
— Горад мой, горад мой,
Колькі гордых іх, мужных і смелых
Тут лягло пад табой,
На руінах тваіх анямелых?! —
Толькі цені ўстаюць —
I цень кожны гаворыць мне імя —
I праз горад ідуць,
I, як Дантэ, іду я за імі...
Гэта можа страшней
Ад усіх падарожжаў у пекла,
Дзе-б агнямі мяне
За грахі катавалі і секлі.
Бо хто толькі прайшоў
Па зямлі беларускай і відзеў
Трысцянец і галоў
Дагараючыя піраміды, —
Чуў галошанне ўдоў,
Матак асірацеўшых, якія
Тут шукалі сыноў,
Нібы кнігаўкі, ў ночы глухія, —
Той не хутка ізноў
Знойдзе сон пад радзімы страхою,
Пакуль попел з палёў
Ён не змые варожай крывёю
I не пройдзе па ўсёй
Па зямлі, ад агню пачарнеўшай,
Мсціўцам грозным, суддзёй,
Што асудзіць жывых і памершых...