Клубамі чорнымі дым віўся,
ўгрызаўся ў вочы і ў раллю.
Мы адступалі, падпаліўшы
свае сядзібы і зямлю.
Каб там, дзе завітае вораг
або яго заблудзіць конь, —
бурлілі рэкі і азёры,
і помсты палымнеў агонь.
I ўсюды ў полі і ў акопах
фашысцкіх гадаў і іх зрок
душыў, сляпіў гарачы попел,
магільны замятаў пясок.
Настане дзень баёў апошніх.
Мы адступілі, каб было
дзе легчы ворагу на пожнях,
паросшых сіняй гавылой.
А мы шляхі вярнуцца знойдзем,
Як вырай іх знаходзіць век,
па сонцу, што над намі ўзойдзе,
па звону беларускіх рэк.