На пероне

Яшчэ не ацэнена

Гудкі і калёс перазвон, —
памалу цягнік
пад'язджае.
Абмыла вячэрні перон
і песня і мова чужая.

I ўсё іх дзівіла у нас:
і беднасць зямлі.
і багацце,
палёў хараство,
і вясна,
і нашы лазовыя лапці.

Дзесь гаснуў начлежны напеў...
Праплакаў кулік над папарам...
Хтось «Мацюся» хрыпла запеў
пад струны гавайскай гітары.

На захад ідуць цягнікі—
лён,
жыта,
сасна і бяроза...

Гляджу і гляджу з-пад рукі,
як моладасць нашу вывозяць.