На вуліцы, на якой я жыву,
Некалькі тралейбусных прыпынкаў,
Некалькі латочніц з піражкамі,
Магазін забавак,
Кінатэатр, рамонтныя майстэрні,
Цырульня, пошта, кніжны кіёск
З казкамі ўсіх матак і бабак.
I над усім — кожны дзень іншае неба,
Іншае сонца.
Не дзіва, што, ідучы са школы,
Дзеці са спазненнем вяртаюцца дамоў.
Я і сам, далучыўшыся да іх,
Вечна спазняюся на ўсе ўрачыстасці.