Вецер дрэвы калыша злягка,
атрасае лісты на паркан.
Мутна гаснуць асеннія дні,
oй, не плач ты, мой сокал, засні!
Буду я калыхаць усю ноч,
буду я паглядаць у акно.
Над сасновай калыскай тваёй
праляціць стада дзікіх гусей.
I, пачуўшы крылаты іх шум,
выйду ў поле я і папрашу,
каб прыселі яны на вярбе,
далі цёплага пуху табе.
Ёсць далёка у горадзе дом,
ходзіць стража, пільнуе кругом.
У астрозе на нарах не раз,
пэўна, думае нехта пра нас;
чуе, як ападаюць лісты,
як не спіш цёмнай восенню ты,
як вятры напяваюць зіму.
Спі... Мы заўтра напішам яму,
што у нас не было гэтых слёз,
што ты шмат падужэў і падрос;
хутка шапку надзенеш яго,
пойдзеш новай вясной за плугом.
Вецер дрэвы калыша злягка,
зоры ясныя ловіць рака.
Ну засні, і не варта тужыць.
Хочаш, будзем іх разам лавіць?
Толькі зоркі не вылаві тэй,
што нядоляй гарьшь у людзей;
не збірай і тых дробных — расу,
бо няведама што прынясуць.
Бяры лепей, што ярка мігціць, —
праз жыцце яна будзе вясці.
A то спі... Я табе запяю,
зор насыплю ў калыску тваю.