Прагучыць сірэна ў порце часам.
Кіпарысаў дрэмле ціхі сад.
Дрэмле Ялта, па крутых тэрасах
льецца вішань белы вадапад.
Тут вясна асыпала ўсё цветам
і цяжэй знайсці ўчарашні след.
Хоць над раннім курганом паэта
напісалі імя і санет.
Мне шкада, што спозніліся годы,
а твае так рана адцвілі —
сёння разам вышлі-б да усходу
прывітаць радзімы караблі,
рокат мора, збуджанага ветрам,
воблакаў ключ сіні і зару,
што з вяршынь аснежаных Ай-Петры
кожны дзень плыве на Беларусь.
Курганоў прадвечнага спакою
кіпарысы вартай сцерагуць.
Але, пэўна, калі гром прыбою
змоўкне і растае ў пене гул —
чуеш ты, як звоняць сосны ціха,
як, палі вітаючы свае,
недзе ўнучка слуцкае ткачыхі
пра вясну шчаслівая пяе.