Навучыліся танна разменіваць помсту...

Яшчэ не ацэнена

Навучыліся танна разменіваць помсту,
аплятаць хмелем лірыкі подыхі буры,
і пяяць на дарогах чужых і не простых,
і выводзіць напеў залацістым ажурам.
Навучыліся ў спрэчках патаківаць неяк,
забываць там, дзе лепей, сваё нават імя,
і на чорных,
не змытых агнём,
юбілеях
струны перабіраем рукамі худымі.
Толькі ўсё і дагэтуль яшчэ не умеем,
можа, самага простага, смешна-малога:
не глядзець там, дзе ў сонцы жыццё зелянее,
і хадзіць на пяць крокаў
адзін ад другога.