Я з натоўпам людскім да цябе,
Непаўторнай, прыйшоў,
Каб зноў палюбавацца
Тваім хараством, Неферціці.
Гэта – шчасце тваё, што я
Больш як на трыццаць вякоў
Па-над Нілам спазніўся
Сустрэцца з табою, царыца.
Бо калі б я спагады, як раб,
У цябе не знайшоў
І не выслухала ты майго
Захаплення-прызнання,
Ведай: узбунтаваўся б я
Супроць цябе і багоў
І праз пекла Сахары
Пайшоў за табой на выгнанне.