Новаселле

Сярэдняя: 2.3 (3 галасоў)

Яшчэ канчалі ганак цеслі,
А ў хату новую хутчэй
З зямлянкі стол і хлеб прынеслі
I спрабавалі як гучэць
Сасновы будзе зруб ад песні,
Ад дружных тостаў і смыкоў,
Ад танцаў, грукату падкоў.
На'т спрабавалі ў печы новай
Праверыць цягу і спячы
На стрыжні — смаляным карчы —
Частунак ўсім адумысловы.
Але на-славу ўдаўся зруб,
Ён на выдатна здаў экзамен,
Хоць галасіла ў сотню труб
Над чарапічным дахам замець,
Хоць і стараўся небарак-
Мароз улезці ў хату шчыра, —
Дом новы быў з'імшоны так,
Нібы з суцэльных сосен вырас.
Калі-ж пакінула арцель
Стол новасельны, калі ў хаце,
У цішыні салдатка-маці
Паклала спаць сваіх дзяцей, —
Малым прысніўся дзіўны сон,
Што нехта, ў шынялі паходным,
Прышоў, як бацька, сеў на ўслон
I стаў пытаць пра ўсё лагодна:
Пра іх жьшцё, пра новы дом,
Пра іх клапоты і навуку...
Калі-ж ім з ласкай і цяплом
Падаў на адыходзе рукі, —
Пазналі дзеці, хто ў іх быў,
Той вобраз дарагі пазналі,
Які, на баявых медалях,
На сэрцы бацька іх насіў.