З сцюдзёных красак белых, сініх
вянкі сплятаць зусім не штука,
мець толькі трэба трохі спрыту,
без мазалёў балючых рукі,
і трохі больш мякчэйшых скабаў,
і рыб'і хвост, каб плыць за модай, –
тады балотны рохат жабы
ахрысцяць небывалай одай!
Хто не чытаў зліняўшых вуснаў
усякіх маляваных німфаў,
таго абвыюць па-сабаччу
зусім без толку і без рыфмы.
А не схіліўся? — яшчэ лепей! —
Свіны кароль ці туз фабрычны
ярлык на творчасці налепіць
і над табой паставіць клічнік.
Тады пацягнуць цябе чэрці
і па жалезе і па сходах...
У іх канцом гэта завецца,
a у мяне — пачаткам оды!