Калі на полі глуха, пуста,
і ночы выбеляць траву,
рассыпяць хмары з сініх хустак
дажджоў сцюдзёную жарству;
калі дарогі пашарэюць,
і вецер з поўначы мацней
ў імгле зацягне адысею
з крылатым табарам гусей, —
люблю стаяць пад цяглай соснай –
пад звонкай мачтай залатой,
і плыць туды, дзе звоняць вёсны, –
плыве і край ўвесь за табой.