Паказваюць дом паэта.
Толькі рэстаўратары забыліся,
Што ў доме, у якім некалі
Ён нарадзіўся, жыў,
Не магло быць
Такога бетоннага ганка,
Такіх глухіх сцен,
Такой непрамакаемай страхі,
Шчыльна зашклёных вокан,
Такіх дзвярэй з засовамі
I такога высокага парога,
I яшчэ — стоража.
Бо як бы да яго
Маглі ўсе залятаць вятры,
Усе птушкі, зоры,
Заходзіць усе дрэвы,
Кветкі, людзі,
З якімі ён дружыў.