Мы ведаем ваш дзіўны край:
Грунвальды векавечнай славы,
I полымя, якім гараць
Руіны сённешняй Варшавы.
Нацягнены Карпатаў лук,
Славянскіх, братніх рэк напевы,
Нам блізак вашай мовы гук —
Шапен натхнёны і Міцкевіч.
Таму, у гэты час, калі
Навала чорная над краем,
Калі агонь нас апаліў,
Дняпром і Віслай кроў сплывае, —
Вас заклікаем за сабой.
Праз даль франтоў ляціць наш голас:
Ідзіце ў пераможны бой
За справядлівы мір, за волю.
Хто не адклікнецца на кліч,
Той, ведайце, — закляты вораг,
Які нас хоча падзяліць,
Які пад нашы стрэхі ўчора
Вайны паходню падлажыў
I на славянскія загоны
Праз векавыя рубяжы
Пусціў, правёў арду тэўтонаў.
He трэба нам чужых дарог,
Бароў, узгоркаў і крыніцаў, —
Курганы і стальны нарог
Азначылі сяліб граніцы.
Але граніца волі там,
Дзе згіне след апошні ката,
Дзе ўтопча гусеніцай танк
Труп гітлераўскага салдата.
Усе ідзём на барацьбу,
Нас клічуць бацькаўскія гоні,
I, зноў прабіўшыся на Буг,
Сустрэнем братнія далоні.
I нас і вас чакае край —
Мацней-жа сціснем нашу зброю!
Ужо займаецца зара
Над намі і над полем бою.