Павязлі цягнікі

Яшчэ не ацэнена

Павязлі цягнікі
восень з вёсак у горад
праз імглу,
праз іржышчы, бары, —
каб з антонавак сонца
і з стагоў памідораў
дагарала на шыбах вітрын.

I ніколі не можна
было ўдоваль напіцца
таго сонца сіротам малым
з беспрацоўных кварталаў,
сівым камяніцам,
сутарэнням глыбокім,
сырым.

Але можна было
складаць песні пра восень
і пра жоўтае лісце
дарожных бяроз.
У кожным слове шумелі
мільёны калосся,
і звінела сталь вострая кос.

Толькі, гэткую песню
пачуўшы, вітрыны
раптам гаслі,
трывожна крычалі гудкі...
I ляцелі на вёскі
з новай весткай няспынна
ашалелыя,
з грывай агню
цягнікі.

Іх на кожным паўстанку,
як ўраджайнае лета,
спатыкалі дзяўчаты
і хмары касцоў,
і з усёй Беларусі
скрыпачы і паэты, —
a іх больш, як ў краіне
маёй
каласоў!