Перш доўга лес
на гуслях граў зялёных,
пакуль не выплыў вераснёвы дзень.
Як зоры, ападаючыя з клёнаў,
пасыпалася
лісце
па вадзе.
Паблытаў вецер струны тонаў розна.
I нехта ўстаў з развеяным чубом
і рэзка перавёў
ад неба
да барознаў
маланкі залатым смыком,
і кінуў хмары, кінуў і узветрыў,
падзёр
худымі пальцамі
галля.
І ты заплакала, што ўжо на гром аркестра
не адазвалася зямля.