Песня кулікоў

Яшчэ не ацэнена

Пахне дзёгцем,
потам,
рыжаю аўчынай,
цішыня у хаце згорбленай, старой,
ды гарыць памалу ноч даўгой лучынай,
сцелючы сасновым дымам і смалой...
Часам вецер дрэвы, зачапiўшы гужам,
доўга iх пiлуе месяца сярпом,
і снуе на плоце белы, снежны кужаль
з доўгай снежнай песняй за сляпым акном.
Дымна ў печы дровы і карчы палаюць,
зайцамі кладуцца цені на сцяне.
Пеніцца сярдзіта бульба, закіпае
снежнаю завеяй
ў чорным сагане.
— Ну, садзіся з намі! —
дзед стары гавора
і акраец хлеба чорнага кладзе.
— Наарфуе снегу, бы мякiны горы,
не праехаць полем, не прайсцi нiдзе...
Сам, відаць, далёкі…
не з блізкіх аколіц,
не з-пад нашых, пэўна, саламяных стрэх…
Ды апранен слаба — змерзнеш недзе ў полі;
хоць на лаве мулка, пераспі начлег!
Бачыш: у нас голад,
людзі жывуць бедна,
хлеб на стол кладзецца толькi для гасцей…
Можа хопіць бульбы з дзён асенніх, медных
да вясны, да першых з выраю гусей…
Час такі нядобры. З першых дзён марозу
маладых нямала, скуўшы, павялі.
Шмат разоў, напэўна,
шэрыя бярозы
след іх белым ветрам
ў полі замялі.
Хочацца вучыцца ў мове сваёй роднай, —
шчыры дамагаліся грудзьмі…
Я ўжо хутка лягу
пад сасной зялёнай, —
што, скажы мне, будзе з нашымі дзяцьмі? —
...У кутку, на нарах, на старую кніжку
ціхі шопат льецца і чупрыны бель;
сумна з маладзіцай над малой калыскай
ўсхліпывае песняй
белая мяцель.
— Спі, засні, маленькі!..
— Што, мужык на працы?..
Кажаш, у астрозе? Дзесяць год далі?!
— ... Спі, засні, саколік!..
Быццам дождж гарачы
з вачэй над калыскай ціха заімгліў.
— Я, стары, таксама з-пад страхі сялянскай,
быў і там, дзе сёння твой гаруе сын...
Шмат слядоў пакінуў на дарогах гразкіх,
на скрыпучых струнах белых палазін...
— Спі, засні, маленькі, родненькі саколік!
Ну, не плач, мой добры!..
Слухай: ля ракі
не мяцель галосіць на заснуўшым полі,
а ў імгле зблудзілі, пэўна, кулікі...
I стары ўздымае выцвіўшыя вочы:
— Ну, скажы, ці доўга гэта будзе так?
Сеяць усё сеем —
з рана да поўночы,
каб на нашых нівах красаваўся мак.
А ў нас цёмна, змрочна, толькі час-ад-часу
блісне калі сонца паміж нашых стрэх,
ды сядзім ў поўголад над галодным квасам,
нашы сцежкі ў полі
замятае снег...
Кажаш — ужо хутка выпрастаем плечы,
кажаш, аб шырэйшых нівах, аб вясне.
Вось і я, здаецца, вылез-бы з-за печы,
хай пакліча моладзь і мяне.
..................................................

За разбітай шыбай плача вецер суха,
рвуцца пражы ніткі,
ўюцца на калкі...
— ... Спі, засні, маленькі...
ці мо' лепш паслухай.
як, ў імгле зблудзіўшы, плачуць кулікі...
Пахне дзёгцем, потам,
рыжаю аўчынай,
цішыня у хаце згорбленай, старой;
ціха дагарае ноч даўгой лучынай,
сцелючы сасновым
дымам і смалой.
Пад разлівы песні хмарыць сон гарачы...
— ...Спі, засні, мой добры... слухай... з-пад ракі...
Ды і мне здаецца, што ў імгле, няйначай,
не мяцель, а плачуць недзе кулікі...